"Ляпісы" збіраюць каверы на саміх сябе

Гурт “Ляпіс Трубяцкой” аб’явіў пра збор кавераў для праекту "Lyapis Crew ТРУбьют". Лепшыя з іх увойдуць у афіцыйную складанку.

Музыкі кажуць, што праект — выдатная магчымасць адрадзіць старыя хіты “Ляпісаў” “дакапіталаўскага” перыяду кшталту “Метелицы”, “Голубей”, “Ранетого сердца”. Праўда, згодна са “схемай перараджэння, гэтыя песні мусяць пераўтварыцца ў нешта большае і самадастатковае”. А менавіта загучаць у стылістыцы сучасных “Ляпісаў”: панк, ска-панк, ска-кор, брас-рок ці магутная, прыгожая музыка пад знакам “ТРУ” толькі вітаецца!

Свае версіі песень “Ляпіса Трубяцкога” гурты могуць выкладаць у блогу каманды на сайце Planeta.ru. Песні, якія ўвойдуць у альбом-трыб’ют, будуць адбірацца музыкамі гурта. Яшчэ дзве патрапяць у складанку дзякуючы народнаму лайк-галасаванню. Калектывы, чые версіі патрапяць у дыск, атрымаюць афіцыйнае права выконваць іх на сваіх канцэртах і ўключаць у свае альбомы.

Дарэчы, немузыканты таксама могуць браць удзел у трыб’юце. Яны могуць зрабіць свой унёсак у студыйны перазапіс кавераў і выданне альбома на розных носьбітах. Пасля чаго атрымаць атрымаць аўтарскі асобнік у больш танным ці больш эксклюзіўным варыянце ў залежнасці ад унесенай сумы. Са спісам лотаў можна пазнаёміцца тут.

Фота Марыі Мітрафанавай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі