Маці Аватарава: Супрацоўнікі КДБ адразу абвясцілі Тараса псіхам і тэрарыстам

Маці Аватарава: Супрацоўнікі КДБ адразу абвясцілі Тараса псіхам і тэрарыстам

На судзе над Тарасам Аватаравым 20 красавіка заслухалі бацькоў затрыманага беларуса, якога вінавацяць у незаконным абароце зброі і кантрабандзе зброі. Па словах маці Людмілы Поспіх, якія перадае БелаПАН, супрацоўнікі КДБ адразу абвясцілі сына псіхам, тэрарыстам і ўдзельнікам "баявых дзеянняў у Чачні". ,

Па словах маці, у школе сын быў выдатнікам, гуляў у інтэлектуальныя гульні, пасля школы паступіў у Наваполацкі дзяржаўны універсітэт, вучыўся на хіміка, правучыўся чатыры курсы. У войску ён не служыў паводле стану здароўя. Пасля таго, як сышоў з ВНУ, хлопец працаваў у Беларусі, Расіі, быў лабарантам, грузчыкам, прадаўцом.

Маці распавяла, што 5 кастрычніка 2015 года сын з'ехаў з дома шукаць працу. Куды менавіта ён з'ехаў, сям'я не ведала. Пра яго затрыманне сваякі даведаліся зранку 26 лістапада.

Таксама ў судзе былі абвешчаныя матэрыялы справы, якія тлумачылі, чаму Тарас змяніў прозвішча Поспіх на Аватараў. У заяве ў ЗАГС ён напісаў, што хоча прыняць прозвішча прадзеда, вядомага да рэвалюцыі прамыслоўца. Таксама ён назваў прозвішча Поспіх немілагучным.

Як выявілася, бацька Аватарава Іван Поспіх — падпалкоўнік запасу, былы сапёр. Ён абверг словы прадстаўніка Дзяржкамітэта судовых экспертыз наконт знойдзенай у сына гранаты. Па словах бацькі, граната не з'яўляецца выбухованебяспечнай і гэта не самаробнае выбуховае прыстасаванне, а пустая знутры граната. Ён падкрэсліў, што граната была вырабленая ў 1979 годзе, а выбуховае рэчыва з таго часу ператварылася ўжо ў пясок.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі