Маці забітага беларуса з ІДзІЛ: Насцярожыла, што сын мне выслаў шмат грошай

Маці забітага беларуса з ІДзІЛ: Насцярожыла, што сын мне выслаў шмат грошай

Міністэрства замежных спраў дагэтуль не паведамляе канкрэтнай інфармацыі пра гібель у Сірыі грамадзяніна Беларусі. Нагадаем, што замежныя СМІ паведамілі пра смерць Дзяніса Васільева, які ваяваў на баку тэрарыстаў з Ісламскай дзяржавы.

Пасля таго, як Еўрарадыё апублікавала фотаздымкі беларуса з яго сацсетак, нехта іх адтуль выдаліў. Няўжо Васільеў жывы і паведамленне пра яго смерць — інсцэніроўка?

Каб расставіць кропкі над “і”, звязваемся з Ларысай Васільевай (насамрэч у жанчыны іншае прозвішча, але ў мэтах бяспекі яго не называем), мамай Дзяніса. Бедная жанчына сама не ведае ўсёй праўды і просіць фотаздымак цела забітага, але без замазанага твару. Такое фота Еўрарадыё даслаў аўстрыйскі калега Томас Хойзл з партала Vice.

Маці забітага беларуса з ІДзІЛ: Насцярожыла, што сын мне выслаў шмат грошай
Фота Kurdish Daily News

Так, гэта мой сынок. Яго твар: броўкі, валосікі, носік. Нібыта і радзімку яго я бачу. Толькі распухлы ўвесь. Напэўна, доўга там ляжаў, пакуль яго знайшлі, — плача маці Дзяніса Васільева. — Што мне рабіць, як я яго пахаваю? Дзіця маё, хто цябе туды засунуў, хто цябе туды завёз?! Што ж гэта за пакаранне такое? Ён жа да 19 гадоў без мяне нікуды не хадзіў, ніколі праблем з ім не ведала. У войску не служыў, нават аўтамат у руках не трымаў ніколі. Госпадзі, я не магу паверыць, што маё дзіця магло ўзяцца за зброю”.

Ён і раней мне штомесяц высылаў грошы. А на гэты раз перавёў буйную суму”

Ларыса Васільева: Дзесьці ў канцы чэрвеня – пачатку ліпеня хадзіла да суседкі і з ім размаўляла па скайпе. Бачыла, як сушыцца яго рабочая вопратка, у якой ён працуе на заводзе: белая кашуля, белыя штаны. Мяне падчас той гутаркі насцярожыла, што ён мне выслаў буйную суму грошай.

Еўрарадыё: Наколькі буйную?

Ларыса Васільева: Ён і раней мне штомесяц высылаў грошы. А на гэты раз перавёў каля 7000 долараў. Сказаў, што 13 гадоў гэту суму па крупінках збіраў: “На год-два табе павінна хапіць. А я ў Вену паеду працу шукаць. Хачу змяніць месца жыхарства”. Пасля ён мне тэлефанаваў з аўстрыйскага нумара, які пачынаецца на +43, каб уладзіць справы з грашовым пераводам ад яго.

Маці забітага беларуса з ІДзІЛ: Насцярожыла, што сын мне выслаў шмат грошай

Аднакласнікі расказваюць пра Дзяніса Васільева (архіўныя фота)

“Ён мала з кім меў зносіны апошнім часам. Проста знік, выдаліўся з сяброў, і на гэта я звярнула ўвагу толькі на фоне апошніх падзеяў. Ён быў спакойным, ураўнаважаным”.

Еўрарадыё: Як Дзяніс трапіў у Аўстрыю і навошта?

Ларыса Васільева: У 1992 годзе мы пераехалі з Гродна ў Чачэрск. Ён рос вельмі добрым хлопчыкам. Толькі кніжкі былі на розуме і валейбол. Я пыталася: “Чаму не ходзіш у Дом культуры?” Кажа: “Там нецікава, нап’юцца і б’юцца”. Дзявяты клас ён у Гродне навучаўся. Потым вярнуліся ў Чачэрск, дзе ён скончыў ПТВ, атрымаў чатыры спецыяльнасці: кіроўца, трактарыст, зваршчык і слесар. Ён у мяне здольны хлопчык быў, шмат чытаў. Пасля ПТВ ён вярнуўся ў Гродна. А калі яму яшчэ не споўнілася 20, паехаў спачатку ў Чэхію, а не ў Аўстрыю.

“Праз 3,5 года за мяжой ён прыняў іслам. Тлумачыў, што яго акружалі палітычныя бежанцы: чачэнцы, дагестанцы”

Еўрарадыё: І больш вы яго не бачылі?

Ларыса Васільева: У першы раз ён паехаў туды разам з таварышам — Віцькам. У сына там скралі ўсе рэчы: грошы, гарэлку, цыгарэты, сухую каўбасу, вопратку. Віцька той яго кінуў. Сын расказваў: “Мама, паверыш, бывала, дзесьці нейкая кавярня, людзі сыходзілі, а я за імі крохі даядаў. Потым нейкія манахі яго прытулілі, адправілі дадому. Вярнуўся схуднелы, галодны. Але потым зноўку паехаў за мяжу — і ўсё за лепшым жыццём. Казаў мне: “Мама, ну што мне рабіць у Беларусі? На працу куды ні пайду, паўсюль стаж трэба”. Навошта ён туды паехаў? Адзінае маё дзіця! 

Маці забітага беларуса з ІДзІЛ: Насцярожыла, што сын мне выслаў шмат грошай
Дом, дзе Дзяніс Васільеў жыў у Аўстрыі.
Фота Thomas Hoisl/VICE

Еўрарадыё: Як Дзяніс трапіў у Аўстрыю?

Ларыса Васільева: Вярнуўся ён зноў-такі ў Чэхію. У яго там і праца была, і жыллё, і вольна мовай ужо валодаў. Нейкі фіктыўны шлюб яму зрабіць абяцалі. Пры гэтым у сына заўжды быў беларускі пашпарт, замежнага грамадзянства ён не браў. Але праз 3,5 года ў Чэхіі ён прыняў іслам. Дзяніс тлумачыў, што яго акружалі людзі, якія прасілі за мяжой палітычнага прытулку: Чачня, Дагестан... Пад чый уплыў ён мог трапіць — я нічога не магу зразумець.

Еўрарадыё: То бок да ад’езду за мяжу мусульманінам Дзяніс не быў?

Ларыса Васільева: Не. Але яго дзядуля ― азербайджанец. Я сыну казала: “Твой дзядуля, зразумела, з таго свету табой цешыцца”. Але мне было трывожна, бо Дзяніс чытаў Каран, зацыкліўся на гэтым. Мяне ён супакойваў: “Мама, не перажывай. Я проста малюся. Падымаю вочы да неба і Усявышняга прашу”. Што ён прасіў, я не ведаю. Але нішто не прадказвала бяды. У звычайных размовах сын увогуле не казаў мне ні пра якую вайну.

Еўрарадыё: Што вы ведалі пра яго быт у Аўстрыі?

Ларыса Васільева: Дзяніс працаваў на заводзе і вырабляў дэталі для аўтамабіляў. Пра гэта ён расказваў: “Усё, што блішчыць у Opel, Audi, BMW — гэта я ўсё на робаце выліваю”. Бывала, ён мне падоўгу не тэлефанаваў. Я рабіла яму заўвагі: “Ты ж на чужыне адзін. Раптам нешта здарыцца!” Ён адказваў: “Не перажывай. Калі нешта здарыцца, табе паведамяць”. І дзе цяпер яго браты-мусульмане, з якімі ён прымаў іслам? Ніхто не патэлефанаваў, ніхто не сказаў нічога. Хто яго спакусіў, каб туды паехаць? Пад якім гіпнозам? Гэта трэба было нейкім опіем майго сына апаіць, каб ён узяў зброю і некуды паехаў, каб мог страляць і ставіць пад рызыку сябе. Усё гэта не ўкладваецца ў маёй галаве. 

Загалоўнае фота Roland Paulitsch, 2010 год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі