Магда: “Рускі мір” мае ў Беларусі вялікі “інфармацыйны плацдарм” — рускую мову

Магда: “Рускі мір” мае ў Беларусі вялікі “інфармацыйны плацдарм” — рускую мову

Яўген Магда — дырэктар Цэнтра грамадскіх адносін, кандыдат палітычных навук, аўтар кнігі “Гібрыдная вайна. Выжыць і перамагчы”. Гутаркай з ім мы працягваем аўтарскую праграму Змітра Лукашука "Курсор". Нагадаем, у межах сумеснага праекта Euroradio, Naviny.by, ePramova.org і Aru.tv мы ўжо пагутарылі з Аркадзем Мошасам.

Пра тое, што з сябе ўяўляе гібрыдная вайна на прыкладзе Украіны

Гібрыдная вайна — гэта імкненне адной дзяржавы падпарадкаваць сабе іншую, выкарыстоўваючы для гэтага пераважна не ваенныя метады. Метады эканамічныя, палітычныя, энергетычныя, інфармацыйныя. Неаб’яўленая вайна, у якой нібыта няма агрэсара і яго ахвяры, але ёсць рэальныя людзі, якія гінуць. Падзеі ва Украіне сведчаць: адпаведныя планы рыхтаваліся ў Крамлі не адзін год. Мэта гібрыднай вайны Расіі ва Украіне — не столькі знішчыць украінцаў, колькі запалохаць іх, пазбавіць веры ў эфектыўную незалежную ўкраінскую дзяржаву. І з 2005 года ў інфармацыйнай прасторы Расіі гучыць, што Украіна — дзяржава, якая не адбылася. Гэтая тэза выкарыстоўвалася для таго, каб атрымаць кантроль над украінскай газатранспартнай сістэмай. Вядома, што “Белтрансгаз” ужо не належыць Беларусі і працэс яго перадачы пад кіраванне “Газпрама” таксама суправаджаўся рознымі інфармацыйнымі атакамі.

Пра інфармацыйную вайну Расіі супраць Беларусі сёння

Усе памятаюць фільмы “Хросны бацька”. Праўда, сёння супраць Беларусі маштабную інфармацыйную вайну Расія не вядзе. Але ў яе ёсць у Беларусі вялікі “інфармацыйны плацдарм” — руская мова. Сёння руская мова выкарыстоўваецца большасцю беларусаў у штодзённым жыцці. У нас было тое самае шмат дзе, і вы бачыце, чым гэта скончылася ў Крыме і на Данбасе. Час падумаць, ці не давядзецца і вам перажыць нешта такое, калі Расія раптам вырашыць, што саюзная дзяржава паводзіць сябе недастаткова правільна.

Як супрацьстаяць ворагу ў інфармацыйнай вайне

Палітычнай эліце трэба мінімізаваць магчымасці на яе ўплываць, быць максімальна празрыстай у адносінах з грамадствам. А грамадства мусіць дакладна разумець, якія яго мэты, чаго яно хоча дамагчыся ў найбліжэйшай будучыні. Пра беларускае грамадства кажуць як пра грамадства, дзе вельмі мала пасіянарнага элементу. Але наяўнасць палітзняволеных у вашай краіне сведчыць аб наяўнасці пэўнага пратэстнага патэнцыялу.

Ці ўспрымаюць ва Украіне Лукашэнку як міратворца

Сёння ва Украіне добра ўспрымаюць не міратворцаў, а ўкраінскіх ваенных. Лукашэнка не міратворац, а чалавек, які ў кантэксце перамоў змог прадставіць неабходную пляцоўку, сыр, малако і каву. І які спрабуе з гэтай сітуацыі выцягнуць дастаткова шмат для сябе. Працяглае знаходжанне пры ўладзе цяпер стварае яму праблемы: яго пастаяннае збліжэнне з Расіяй не бясконцае — дасягаецца рыса, калі трэба ахвяраваць уласнымі інтарэсамі, аддаваць кавалкі свайго ўплыву. Захаплення Лукашэнкам ва Украіне няма, а вось беларусы толькі на 1 бал адстаюць ад палякаў у рэйтынгу народаў, якія найбольш падабаюцца ўкраінцам.

Пра заявы Лукашэнкі наконт загадаў Статкевічу з Кіева 19 снежня 2010 года займаць крэсла прэм’ер-міністра

Лукашэнка добра жангліруе рыторыкай, якую ад яго хочуць пачуць. Падзеі на Данбасе выклікалі сур’ёзныя асцярогі ў беларусаў, бо ў нас агульная мяжа. Гуляючы на гэтым, Лукашэнка заклікаў украінцаў не адпраўляць дыверсантаў у Беларусь, бо “мы стаміліся іх затрымліваць”. Але ніякіх доказаў такіх затрыманняў няма. Ведаеце, яшчэ “памаранчавы Майдан” жалезам выпаліў страх у душах асобных палітыкаў перад масавымі акцыямі пратэсту.

Пра небяспеку паўтарэння ўкраінскага канфлікту ў Беларусі

Калі Расія будзе заставацца нібыта ў асаджанай крэпасці, то ёй нічога не застанецца, як пастарацца падцягнуць Беларусь бліжэй да сябе. Іншая справа, ці будуць гэтаму супраціўляцца самі беларусы, той жа Лукашэнка. Не думаю, што Расія да такой ступені моцная, як пра гэта кажуць расійскія медыі. Санкцыі маюць на Расію вялікі ўплыў, і Расія вядзе сур’ёзную закулісную вайну за іх зняцце. Цяпер на постсавецкай прасторы ідзе маштабная геапалітычная гульня, якая закончыцца няхутка. Украіна перажывае найбольшае выпрабаванне за гады сваёй незалежнасці, і нам нічога не застаецца, як выжываць і перамагаць. Думаю, што і ў беларусаў не будзе іншага выйсця, як выжываць і перамагаць.

Як супрацьстаяць рускаму міру ў галовах беларусаў

Трэба, каб беларусы ўсведамлялі сябе менавіта беларусамі, разумелі, што ў гэтым іх усведамленні — сіла іх дзяржавы. Бо Расіі не патрэбныя ніякія Беларусь і Украіна як самастойныя дзяржавы. Яе цалкам задавальняе, калі гэта будуць нейкія губерні ці федэральныя акругі. Змагацца з расійскім медыямонстрам, які нагадвае каток па ўкладцы асфальту, вельмі цяжка. Таму нам неабходна прыгадваць нашых герояў, нашы подзвігі і тыя моманты, якія даюць нам нагоду ганарыцца, што мы — украінцы ці беларусы. Словы “Я люблю Украіну”, як і словы “Я люблю Беларусь”, і на нашай мове, і па-руску гучаць аднолькава. І тут галоўнае, каб гэтыя словы ішлі ад сэрца.

Пра тое, як зрабіць, каб носьбіт беларускай мовы не ўспрымаўся людзьмі “фашыстам і бандэраўцам”

Ні ў адной палітычнай аптэцы не выпішуць адпаведны рэцэпт. Я б параіў, да прыкладу, расказваць пра нацыянальных герояў на рускай мове — калі ўжо так сталася, што яна больш зразумелая большасці. Каб гуляць на тым полі, на якім дзейнічае Расія, неабходна дзейнічаць выключна асіметрычна. Няма ні ва Украіне, ні ў Беларусі сродкаў, каб ствараць такіх монстраў, як “Расія сёння” ці “Расія 24”. Значыць, нам трэба дзейнічаць больш актыўна і крэатыўна, шукаць сучасныя формы падачы інфармацыі.

Ці трэба баяцца продажы расіянам беларускіх прадпрыемстваў

Мяркую, справа не ў стратэгічных прадпрыемствах. У Беларусі вялікая доля дзяржаўных прадпрыемстваў — каля 70%. І таму самая эфектыўная прышчэпка ад расійскага ўплыву — развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Бо ў людзей, якія ствараюць працоўныя месцы і дапамагаюць іншым выжываць у наш складаны час, і самасвядомасць расце, і палітычныя інтарэсы выяўляюцца, і ўзровень патрыятызму дастаткова высокі. У гэтай сітуацыі Лукашэнка рызыкуе апынуцца перад выбарам: альбо ён будзе прыслухоўвацца да палітычных інтарэсаў беларусаў, альбо прыслужваць Пуціну ўжо без статуса прэзідэнта Беларусі.

Пра карысць для Беларусі ад перамогі Украіны ў сённяшняй гібрыднай вайне

Беларусы ўбачаць, што Расію можна перамагаць, што з Расіяй можна змагацца. Украіна на самай справе ўжо выйграла, калі ўстаяла перад першым двайным ударам Пуціна — калі быў адрэзаны Крым і зроблены хімічны абпал на Данбасе, які цяжка зажывае. Думаю, і беларусы змогуць пераняць гэты станоўчы вопыт украінцаў. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі