Макей: калі Джулі Фішэр будзе казаць пра нелегітымнасць рэжыму, дык нашто ехаць?

Макей: калі Джулі Фішэр будзе казаць пра нелегітымнасць рэжыму, дык нашто ехаць?

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей для тэлеканала АНТ пракаментаваў сітуацыю з прызначанай амбасадаркай ЗША Джулі Фішэр.

Раней амерыканская амбасадарка казала, што не прыязджае ў Мінск, бо не можа атрымаць беларускую візу. Пакуль што яна наведвае Вільню і Варшаву, сустракаецца са Святланай Ціханоўскай і яе камандай.

"У нас выклікае пэўнае здзіўленне, што спадарыня прызначаны амбасадар, некалькі разоў наведваючы Вільню, Варшаву і яшчэ нейкія краіны, робіць пэўныя заявы, у той жа час нашы партнёры не даюць да канца дакладнага адказу адносна таго, у якім статусе спадарыня амбасадар мае намер прыбыць у Беларусь. Кажуць толькі аб жаданні ўсталяваць прамыя кантакты на афіцыйным узроўні", — пракаментаваў сітуацыю Макей. 

Кіраўнік беларускай дыпламатыі заявіў, што афіцыйны Мінск "гатовы прыняць амерыканскага амбасадара ў любы час", але пры гэтым хоча бачыць выразную і зразумелую перспектыву далейшага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі. 

Макей падкрэсліў, што беларускія ўлады не прымаюць ціск ні з якога боку, і заявіў, што падзеі апошніх дзён "прымушаюць яшчэ раз паўторна прааналізаваць і стан нашых адносін з гэтай найбуйнейшай дзяржавай свету і паглядзець, што і хто стаіць за спробай арганізацыі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі".  

Згадаў ён і беларускую візу. І патлумачыў, чаму Джулі Фішэр дагэтуль яе не атрымала: "Зразумела, для таго каб прыехаць у Беларусь любому грамадзяніну патрабуецца віза. Таму мы хацелі б мець поўную яснасць, у якім статусе спадарыня прызначаны амбасадар мае намер працаваць у Беларусі. Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта. Я думаю, што ў такім выпадку яна будзе сядзець у амбасадзе і нічога не рабіць і не зможа эфектыўна працаваць, у тым ліку і па ўсталяванні прамых кантактаў паміж структурамі Беларусі і ЗША".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі