Макей патлумачыў, чаму Лукашэнка не прыехаў у Рыгу
Па яго словах, кіраўнік Беларусі вельмі заняты на радзіме.
Аляксандр Лукашэнка не прыехаў на саміт Усходняга партнёрства ў Рыгу, бо вельмі заняты на радзіме. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
Макей: “Вельмі шмат спраў у Беларусі ў яго. Вось, сёння з’езд прафсаюзаў Беларусі вельмі важны. Гэта развіццё грамадзянскай супольнасці, між іншым. Ён там выступаў з прамовай. І таму ён упаўнаважыў мяне ў якасці кіраўніка нашай дэлегацыі ўдзельнічаць у гэтым саміце”.
Лукашэнка: Звальненне людзей з прадпрыемстваў лічу недапушчальным
Журналісты пацікавіліся, ці праўда, што перад Лукашэнкам паставілі ўмову яго ўдзелу ў рыжскім саміце – вызваленне ўсіх палітзняволеных.
Макей: “Не разумею, пра што вы кажаце, бо праблемы палітзняволеных не існуе. Дарэчы, дзякуючы гэтым так званым палітзняволеным рух Беларусі ў бок Еўропы крыху запавольваецца. Вынікі нашых выбараў 2010 года ацанілі ўсе нармальна і станоўча. Пытанне было толькі да падзей, якія здарыліся пасля выбараў. Пытанне было ў занадта эмацыйнай, з падказкі нашай апазіцыі, рэакцыі Еўрасаюза на тыя падзеі. Таму яшчэ раз паўтару: ніякіх палітзняволеных у Беларусі няма. Ёсць асуджаныя, якія адбываюць пакаранне за канкрэтныя злачынствы”.
Па словах Макея, кіраўнік Беларусі не можа вызваліць палітвязняў, бо яго “не зразумеюць людзі”. І прапанаваў пісаць просьбы аб памілаванні, якія будуць разглядацца ў адпаведным парадку.