Макей прапанаваў у ААН правесці ў Мінску перамовы Кітая, Расіі, ЗША, краін ЕС

Макей прапанаваў у ААН правесці ў Мінску перамовы Кітая, Расіі, ЗША, краін ЕС

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прапанаваў правесці ў Мінску перамовы Кітая, Расіі, ЗША, краін ЕС. І паставіць кропку ў халоднай вайне. 22 верасня Макей выступіў на Генеральнай асамблеі ААН. Як інфармуе БЕЛТА, ён адзначыў, што ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў у свеце расце палітычная фрагментацыя і ўзмацняецца эканамічная глабалізацыя, “ствараецца адчуванне ўзрастаючага хаосу і безнадзейнасці”. А прычына ў тым, што не была скончаная халодная вайна. “Аднак ніколі не позна зрабіць тое, што правільна”, — сказаў міністр.

Уладзімір Макей нагадаў пра ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі аб правядзенні новага перамоўнага працэсу сусветных лідараў, які стаў бы аналагам Хельсінкскага працэсу 1970-х гадоў. “Мы прапануем, каб ключавыя глабальныя гульцы, найперш Кітай, Расія, ЗША, дзяржавы Еўрапейскага саюза, пачалі дыялог пра стратэгічнае бачанне новых канструктыўных адносін, — цытуе словы Макея БЕЛТА. — Беларусь са свайго боку гатовая прадставіць пляцоўку для працэсу. Мы гатовыя выканаць гэтую задачу так жа адказна, як Беларусь гэта робіць на працягу апошніх гадоў у рамках высілкаў па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне”. Па словах беларускага міністра, Мінск гатовы стаць мастом, які “звязвае старое з тым, што яшчэ не нарадзілася”.

Міністр замежных спраў нагадаў, што тры гады таму, як нерэалістычную, успрымалі прапанову Лукашэнкі аб увядзенні на Данбас міратворцаў ААН. “А цяпер гэтая ідэя рэаніміравана і актыўна абмяркоўваецца ў ААН”, — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі