Макейн не пацвердзіў, што стане дарадцам Парашэнкі
Амерыканскі сенатар не ўпэўнены, што правілы амерыканскага Сената дазволяць яму займаць падобную пасаду ў іншай краіне.
Амерыканскі сенатар Джон Макейн абверг звесткі пра сваю згоду ўвайсці ў Дарадчы міжнародны савет рэформаў пры прэзідэнце Украіны. Сенатар пацвердзіў, што атрымаў ад Украіны такую прапанову, аднак рашэнне на гэты конт пакуль не прыняў. Па словах Макейна, якія перадае ВВС, ён не ўпэўнены, што правілы амерыканскага Сената дазволяць яму займаць падобную пасаду ў іншай краіне.
13 траўня Пётр Парашэнка прызначыў некалькі замежных палітыкаў чальцамі рады пры прэзідэнце Украіны. Узначаліць гэтую структуру былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Агулам у раду павінны ўвайсці дзевяць чалавек. Ва ўказе Парашэнкі паведамлялася, што ў іх ліку апынуліся Макейн, кіраўнік камітэта Еўрапарламента па замежных справах Эльмар Брок, член Еўрапарламента Яцэк Сарыюш-Вольскі, экс-міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт і некалькі іншых былых еўрапейскіх міністраў.
Фота — vesti.ru