Малдова не дала прытулак, бо не бачыць, каб у Беларусі парушалі правы чалавека

Кішынёў

Кішынёў / pexels.com

Беларус, які пакінуў радзіму па палітычных прычынах у 2020 годзе, не змог атрымаць палітычны прытулак у Беларусі. Мужчына спадзяваўся працаваць у сферы культуры, перадае Радыё "Свабода".

Беларус кажа, што падтрымліваў пратэставы рух у сацсетках, а таксама падпісаў ліст дзеячаў культуры супраць гвалту сілавікоў і за новыя сумленныя выбары. Прыкладна праз месяц яго звольнілі паводле артыкулу "Страта даверу".

У Малдове без даведкі аб несудзімасці мужчыне не можа працаваць афіцыйна. Без апастылю дыплома ён не можа працягваць навучанне. Нават рахунак адкрыць ён не змог і атрымлівае грошы з-за мяжы на банкаўскія карты людзей, якім давярае.

Мужчына падаўся на палітычны прытулак. Але прадстаўнікі МУС, як ён расказаў журналістам, заявілі, быццам няма доказаў таго, што ў Беларусі парушаюць правы чалавека. Цяпер беларус мяркуе вярнуцца ў Польшчу, дзе ён жыў нейкі час перад прыездам у Малдову: "У мяне няма рэсурсаў працягваць гэтую вайну з МУС Малдовы".

У Інспектараце міграцыі Малдовы журналістам Радыё "Свабода" паведамілі, што цяпер разглядаюць 23 прашэнні аб выдачы прытулку для грамадзян Беларусі. У 2021 годзе у Малдове было пададзенае адно такое прашэнне, у 2022-м — 16, у 2023-м — 10. Адзін беларус атрымаў міжнародную абарону, двум адмовілі, а яшчэ трое самі адклікалі свае заявы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі