"Пашпарт замежніка" ў Літве могуць даць толькі пацярпелым ад рэжыму — МУС Літвы
Агне Білатайце
Літоўскі "пашпарт замежніка" могуць пачаць выдаваць толькі тым беларусам, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі. Такую прапанову агучыла кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце.
Магчыма, гэта азначае, што тыя, каму пашанцавала спакойна з'ехаць, але вяртацца ў Беларусь небяспечна праз магчымасць затрымання, застануцца ва ўразлівым становішчы.
Білатайце прапануе падключаць у працэс МЗС і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі. "Пазіцыя Міністэрства ўнутраных спраў заключаецца ў тым, што пашпарты замежнікаў павінны выдавацца тым асобам, якія пацярпелі або падвяргаюцца пераследам з боку рэжыму. Для таго каб гэты працэс працаваў, павінен быць механізм, у якім удзельнічалі б і Міністэрства замежных спраў, і Дэпартамент дзяржбяспекі", — прыводзіць яе словы delfi.lt.
Пры гэтым тэрмін дакумента могуць падоўжыць да трох гадоў замест аднаго.
Прапанаваныя змены ў закон наконт "пашпартоў замежніка" мусіць ухваліць літоўскі сейм. Заканапраект пакуль туды не паступіў, але, па словах Білатайце, гэта будзе зроблена бліжэйшым часам.
Раней літоўскія чыноўнікі паведамлялі, што "пашпарт замежніка" можна будзе зрабіць цягам пяці дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.