Мантры Лукашэнкі пра выбары-2024 — спроба пераканаць сябе, што ён перамог
Аляксандр Лукашенка / Evgeny Maloletka / Bloomberg via Getty Images
Лукашэнка ў публічнай прасторы ўсё часцей згадвае выбары 2024 года. “Гэта будзе самая маштабная кампанія”, прайсці яна павінна “па новых правілах” і ўсё ў такім духу. Няўжо ён ачухаўся пасля пратэстаў 2020 года, пераканаў сябе і сваіх прыхільнікаў, што, маўляў, грамадства супакоілася, старонка перагорнутая і “мы перамаглі”?
— Я нават не ўпэўнены, што ён калі-небудзь у сваім жыцці яшчэ гэта зможа зрабіць [супакоіць і пераканаць сябе]. Бо тое, што адбывалася ў жніўні 2020-га, гэта быў сапраўдны шокавы момант для Лукашэнкі, які ён не чакаў і пэўны час знаходзіўся ў разгубленым стане, калі прыгадаць першыя заявы Лукашэнкі і як ён сябе паводзіў у тыя жнівеньскія дні пасля выбараў, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. — Я думаю, што ён у пэўным сэнсе ад гэтага не адышоў дый не адыдзе. Бо ён не жадае зразумець, што адбылося. Яму лепш распаўсюджваць усю гэтую канспіралогію пра тое, што гэта былі нейкія замежныя агенты, што гэта была спроба вонкавай каляровай рэвалюцыі. Людзі, якія гэта чуюць ад Лукашэнкі, рэагуюць так: ну што тут казаць, гэта ж проста лухта, як гэта можна ўспрымаць сур’ёзна.
— Сапраўды, сур’ёзна гэта цяжка ўспрымаць, — працягвае Аляксандр Фрыдман. — Але цалкам магчыма, што Лукашэнка ў гэта сапраўды верыць. У яго склад мыслення канспіралагічны. Ён не жадае прызнаваць, што гэта быў сапраўды буйны народны рух, што большасць людзей не жадае бачыць яго [Лукашэнку] на пасадзе.
Ці прыходзяць яму сапраўдныя дадзеныя? Тут на самай справе цяжка сказаць. Што тычыцца дыскурсу пераконвання сябе і іншых, што “перамога ёсць і ўсяго дасягнулі”, — так, гэтага стала менш, чым у 2020 годзе. Але гэта прысутнічае. Нават сёння, калі ён кажа пра УНС, пра выбары, то ён заўсёды падкрэслівае, што вось тых “здраднікаў” ды іншых мы нікуды не дапусцім, у іх няма шанцаў. Калі ты гэтых людзей больш не ўспрымаеш ні як апанентаў, ні як нейкую пагрозу, то чаму ж прапагандысты і ты заўсёды звяртаецеся да іх? Гэта ж усё не спыняецца. І галоўнае, супраць таго, што ён супакоіўся, гаворыць тое, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Рэпрэсіўная машына як працавала, так і працуе. Колькасць палітвязняў не памяншаецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.