Марыі Калеснікавай уручылі нямецкую прэмію ў галіне правоў чалавека

Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч / @viktarbabarykaofficial​
Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч / @viktarbabarykaofficial​

Марыя Калеснікава стала лаўрэаткай прэміі ў галіне правоў чалавека фонду Герхарта і Рэнаты Баўм, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Узнагароджанне прайшло ў нядзелю ў Theaterhaus у Штутгарце ў межах фестывалю новай музыкі Eclat. Калеснікава неаднаразова выступала на гэтым фестывалі.

Прэмію замест яе атрымала сястра Таццяна Хоміч. Яна таксама зачытала са сцэны зварот Марыі, якая ў цяперашні час знаходзіцца ў СІЗА.

"Я не шкадую пра сваё рашэнне, мне не страшна, як і тысячам беларусаў. Цяпер мы дакладна ведаем, што свабода ўнутры — і ні турма, ні сцены, ні краты не здольныя яе забіць. І свабода вартая таго, каб за яе змагацца", — звярнулася праз сястру да ўдзельнікаў цырымоніі Марыя Калеснікава.

Герхарт Баўм прызнаўся, што вырашыў адзначыць Калеснікаву "за яе мужнасць і рашучасць змагацца за свабоду ў сваёй краіне".

Мастацкі кіраўнік фестывалю Eclat Крысціне Фішэр назвала Марыю Калеснікаву "чалавекам з грамадскай адказнасцю". Паводле яе слоў, як музыка Марыя "заўсёды магла "дастукацца" да людзей, матываваць іх на нешта". Гэтая прэмія — прызнанне мужнасці ўсяго народа Беларусі, які ўжо шмат месяцаў пратэстуе супраць Аляксандра Лукашэнкі, прыводзіць словы Фішэр Deutsche Welle.

Марыю Калеснікаву затрымалі ў Мінску 7 верасня і спрабавалі вывезці з Беларусі. Але яна на мяжы парвала свой пашпарт і адмовілася пакідаць краіну. Пасля гэтага яе ўзялі пад варту і абвінавацілі ў закліках "да дзеянняў, накіраваным на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненым з выкарыстаннем СМІ і сеткі Інтэрнэт" (ч. 3 арт. 361 КК). Па гэтым артыкуле прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

У пачатку лютага стала вядома, што Марыя Калеснікава, а таксама Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала вылучаныя на Нобелеўскую прэмію міру 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі