Марыя Калеснікава амаль 8 месяцаў знаходзіцца ў адзіночнай камеры
Палітзняволеная Марыя Калеснікава амаль 8 месяцаў знаходзіцца ў адзіночнай камеры. Пра гэта распавёў яе бацька, Аляксандр Калеснікаў, які 12 лістапада меў сустрэчу з дачкой у следчым ізалятары.
"Яна ад гэтага [ад знаходжання ў адзіночцы], скажам так, не ў захапленні, і будзе настойваць, каб гэтае становішча змяніць, — цытуе словы Аляксандра Калеснікава babariko.vision. — Маша расцэньвае гэтую сітуацыю не толькі як ціск, але і парушэнне яе правоў. Згодна нават нашых законаў, адзіночнае заключэнне з'яўляецца пакараннем".
Бацька кажа, што Марыі вельмі не хапае кантактаў з людзьмі. Паводле яго слоў, яна "вельмі добра выглядае". У камеры працягвае рабіць фізічныя практыкаванні і "стала практыкаваць ёгу".
У верасні 2021-га каардынатарка штаба Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года Марыя Калеснікава была прысуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі. Яна ўжо другі год за кратамі. Гэтай восенню Калеснікава расказала, як праходзіць яе дзень у зняволенні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.