Марыя Калеснікава распавяла аб сваіх галоўных падзеях года
Марыя Калеснікава /@viktarbabarykaofficial
Каардынатар штаба Віктара Бабарыка і палітзняволенная Марыя Калеснікава знаходзіцца ў бадзёрым стане і добра выглядае, распавёў яе бацька Аляксандр Калеснікаў. Перад Новым годам яму далі магчымасць убачыць дачку — дазволілі спатканне, паведамляе телеграм-канал Бабарыка.
"Я кожны раз іду на "спатканне" з прыгнечаным настроем, але як толькі бачу дачку, разумею, што ўсе мае асцярогі і перажыванні былі марныя. Яна стараецца ўсім сваім выглядам паказаць, што яна ні ў якім выпадку не здаецца і паказвае прыклад, як можна трымаць сябе ў гэтай сітуацыі. Гэта дорага каштуе!", — распавёў Аляксандр Калеснікаў.
Марыя таксама адказала праз бацьку на некалькі пытанняў калегаў па штабу. Прызналася, што чакае этап у калонію "з нецярпеннем", таму што любіць падарожнічаць, і "да новых выпрабаванняў і ўмоў гатовая".
Спраўляцца з адзінотай у камэры ёй дапамагаюць кнігі. Іх аўтары — выдатныя сукамернікі.
"Што казаць, калі я маю зносіны напрамую з вялікім Арыстоцелем. А калі трэба расслабіцца — перачытваю Гары Потэра", — прызналася яна.
Марыя Калеснікава па-ранейшаму верыць, што ўсё можа змяніць, таму што "першае, што ўсе мы ўжо зрабілі — мы змяніліся".
Яна таксама назвала тры галоўныя для яе падзеі адыходзячага года. Гэта спатканне з бацькам, сустрэчы з Максімам Знакам падчас суда і асабістыя дасягненні (больш за 120 прачытаных кніг і фізпадрыхтоўка, асабліва бег па марозе).
Марыю Калеснікаву і Максіма Знака затрымалі ў верасні 2020 года. Прычым Калеснікаву — на мяжы з Украінай, яна адмовілася пакідаць краіну і парвала свой пашпарт. Праз год адбыўся суд. Ён праходзіў у закрытым рэжыме. Актывістаў штабу Віктара Бабарыка абвінавачвалі па трох артыкулах КК РБ: у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357), у закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (ч. 3 арт. 361) і ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (ч. 1 арт. 361-1). Марыі Калеснікавай прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі, Максіму Знаку — 10 гадоў. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.