Марыю Калеснікаву ў цэнтры Мінска выкралі невядомыя
Зранку 7 верасня ў Мінску невядомыя людзі пасадзілі чальца прэзідыўму Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву ў мікрааўтобус з надпісам "Сувязь". Пасля гэтага бусік паехаў у невядомым напрамку. Пра гэты інцыдэнт піша TUT.by са словаў Настассі, якая стала відавочцай.
Усё адбылося прыкладна ў 10:05 каля Нацыянальнага мастацкага музея. Настасся кажа, што пазнала Калеснікаву і хацела паказаць ёй "сэрцайка" (знак выбарчага штаба Віктара Бабарыкі).
"Недалёка ад музея я бачыла прыпаркаваны цёмны мікрааўтобус з надпісам "Сувязь" на борце і ззаду была марка "Собаль". Я прайшла наперад і пачула гук падаючага на асфальт тэлефона, нейкі тупат, павярнулася і ўбачыла, што людзі ў цывільным адзенні і ў масках запіхваюць Марыю ў гэты мікрааўтобус, у яе адлятае тэлефон. Адзін з гэтых людзей тэлефон падымае, скача ў мікрааўтобус, і яны з'язджаюць", — дзеліцца дзяўчына падрабязнасцямі здарэння.
Зняць падзеі на свой смартфон Настасся не наважылася, бо ўсё адбывалася вельмі блізка ад яе. Яна асцерагалася, што яе таксама могуць затрымаць.
Калеснікава ішла ў паштовае аддзяленне на вуліцы Энгельса, каб забраць нейкі пакет, які прыйшоў ёй з КДБ. Пра гэта яна за некалькі хвілін да выкрадання распавяла рэдактару Еўрарадыё Змітру Лукашуку.
Прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў даведаўся пра знікненне Калеснікавай ад журналістаў і стаў высвятляць, дзе яна знаходзіцца. У 11:00 тэлефон Раднянкова стаў недаступны.
Па словах сябра прэзідыўму Каардынацыйнай рады Максіма Знака, сувязі з імі няма. Таксама на сувязь не выходзяць чалец Каардынацыйнай рады, старшы віцэ-прэзідэнт EPAM Максімам Баграцоў і выканаўчы сакратар рады Іван Краўцоў.
На волі ў Беларусі засталіся толькі два з сямі чальцоў прэзідыўму Каардынацыйнай рады — Максім Знак і Святлана Алексіевіч. Сяргей Дылеўскі і Лілія Уласава знаходзяцца за кратамі. Вольга Кавалькова і Павел Латушка — за межамі краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.