"Машыністам страшна": партызаны гатовыя пускаць вайсковыя эшалоны пад адхон?
Рэйкавая вайна / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Усё сур'ёзна: ваенныя эшалоны ў Беларусі гатовыя пускаць пад адхон, кажуць партызаны. Машыністы ведаюць пра небяспеку ваенных перавозак па беларускай чыгунцы, распавядае лідар "Супольнасці чыгуначнікаў" Сяргей Вайцяховіч.
— У машыністаў ёсць страх. Ім дадзена каманда: уважліва сачыць за чыгуначным палатном у часе руху з цягнікамі па перагонах, каб у выпадку чаго паспець прымяніць экстраннае тармажэнне, калі на рэйках будзе нешта ляжаць.
Для звычайных пасажыраў небяспекі няма. А для тых бараноў, якія працягваюць вазіць грузы ваеннага прызначэння, вядома, пагроза ёсць. І машыністы разумеюць, што існуе небяспека, што цягнік сыдзе пад адхон.
"Напэўна разгледзелі "адну прыладу"
У канцы сакавіка сілавікі са стральбой затрымалі групу беларусаў, якіх падазраюць у датычнасці да дыверсій на чыгунцы. Відэа гэтага затрымання з'явілася ў тэлеграм-канале МУС у пачатку красавіка. Трое затрыманых — жыхары Бабруйска.
Сяргей кажа, што машыністы, якія паглядзелі відэа, напэўна разгледзелі "адну прыладу" ў багажніку ў партызанаў, якіх сілавікі затрымалі ў канцы сакавіка. Пра "спецыяльна вырабленую прыладу для сходу з рэек рухомага саставу" казаў і намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
Гэтая прылада — клін Шаўгулідзэ. Яе выкарыстоўваюць, каб пускаць пад адхон чыгуначныя саставы.
— Гэты страх паўплываў на колькасць вайсковых эшалонаў у Беларусі? Іх стала менш?
— Не, ездзяць. Але баяцца. Кожны машыніст баіцца, што такую прыладу паставяць перад ім. І састаў, які ён вядзе, сыдзе з рэек.
Па словах Сяргея, для затрымання канцы сакавіка ў Беларусі прыцягнулі ўсе даступныя рэсурсы.
— Увогуле ўсе. І чалавечыя, і матэрыяльныя — усе рэсурсы яны кінулі на тое, каб затрымаць хоць бы адну групу партызанаў.
Выбралі для маніторынгу два раёны: Асіповіцкі і Бабруйскі. Маніторылі сеткавы трафік — напрыклад, праводзілі аналітыку пошукавых запытаў, пераходы па спасылках. Праз спецыяльную сістэму апрацоўвалі запісы ўсіх камер відэаназірання ў раёне.
У часе палявання на партызанаў пападаюцца і спотары
Праз партызанскую вайну на чыгунцы і паляванне на партызанаў могуць пацярпець выпадковыя людзі. Напрыклад, спотары — аматары фатаграфаваць караблі, самалёты і, самы небяспечны цяпер варыянт, цягнікі.
— Адны ўжо сфатаграфавалі цягнік на перагоне, у выніку з кустоў выскачыў САХР, паклаў тварам у зямлю — і ўсё, паехалі. Але калі праверылі дакументы і разабраліся — адпусцілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.