Мастакі ўжо страчваюць працу праз штучны інтэлект

Мастак vs нейрасетка

Мастак vs нейрасетка / @rubanau_collage

Некалькі беларускіх мастакоў страцілі працу праз штучны інтэлект. Пра гэта Еўрарадыё расказаў мастак Антон Радзівонаў, аўтар знакамітых “БЧБ-птушачак”. Але Антон не пераймаецца. Увечары, калі заканчваецца ягоная праца як 2D-мастака, ён садзіцца за традыцыйныя фарбы і палатно — ШІ так не ўмее.

А вось наш дызайнер Улад Рубанаў пераймаецца. На сайце Еўрарадыё ўжо з’явілася шмат ілюстрацый, выкананых штучным інтэлектам, і Улад пайшоў да калегаў, каб спытаць, ці плануюць яго мяняць на “Міджорні”.

Мы паслухалі, што мастак і дызайнер думаюць пра будучыню са штучным інтэлектам. Пакуль адназначна можна сказаць толькі адно: дызайнера Еўрарадыё штучным інтэлектам не замяніць. У астатнім… усё не так адназначна.

 

Мастак: “Трэба не забываць, як маляваць рукамі”

— Тут многае залежыць ад адукацыі кіраўніцтва кампаніі. Так, з нейкіх фірмаў цябе могуць звольніць. Але тады ты проста пойдзеш у іншую кампанію, дзе праца мастакоў ацэньваецца вышэй. Калі кіраўніцтву важны вынік, а не каб “піпл хаваў”, яно звернецца да мастака. Людзі, якіх звольнілі праз ШІ, працавалі ў гейм-індустрыі, прыкладам, у кампаніях, якія займаліся анлайн-казіно. Там мастакі больш не патрэбныя.

Так, танней і прасцей наняць чалавека, які ўмее працаваць са штучным інтэлектам, чым плаціць некалькім мастакам. Калі мастак, прыкладам, працуе у сферы айці, штучны інтэлект дапамагае рабіць хуткія эскізы, не трэба траціць час на выпрацоўку канцэптаў.

Але малюнкі штучнага інтэлекту трэба дапрацоўваць. Ён яшчэ не можа нармальна рабіць рукі, вочы. Даводзіць малюнкі ШІ да патрэбнага ўзроўню мусіць мастак. І шмат хто ўспрымае штучны інтэлект проста як дадатковы інструмент.

Не магу сказаць, што я зусім не адчуваю пагрозы, проста стаўлюся па-філасофску. Назіраю, як усё развіваецца, спрабую выкарыстоўваць новыя тэхналогіі ў сваёй працы і не забываць навыкаў, якія ў мяне ёсць — не забываць, як маляваць рукамі.

Мастакі ўжо страчваюць працу праз штучны інтэлект
"Новы год", карціна з серыі "Птушкі з народам" / @anton_rodionovart

Я раздзяляю: ёсць праца, за якую я атрымліваю грошы, а ёсць мая творчая праца, мае карціны, у якія я ўкладаю душу. І таму мой дзень складаецца з дзвюх частак: удзень я працую за камп’ютарам як 2D-мастак, а ўвечары бяруся за фарбы і палатно як мастак традыцыйны. І таму не магу сказаць, што я надта пераймаюся праз штучны інтэлект, бо традыцыйнае мастацтва ён яшчэ доўга не заменіць.

Думаю, той, хто разбіраецца ў мастацтве, працягне набываць карціны, створаныя  творчым мозгам творчага чалавека, а не штучным інтэлектам. Шмат што будзе залежаць ад адукацыі і эрудыцыі, абазнанасці ў мастацтве замоўцы. Чалавек, які мае не толькі грошы, але і адукацыю, будзе плаціць за працу мастака.

Лепей не пераймацца праз ШІ, а ўспомніць часы, калі мастакі былі адначасова і паэтамі, і архітэктарамі, і музыкамі. І я лічу, што цяпер зноў надыходзяць часы, калі мастак павінны быць універсальным чалавекам.

 

Дызайнер: “Як толькі чалавецтва пачынае хіліцца ў digital, хочацца дадаць аналагу”

— Я доўгі час не падзяляў турботаў наконт штучнага інтэлекту. Яны прыляцелі толькі нядаўна, калі я пачаў заўважаць шмат працы ШІ ў нас на сайце.

І калі ты бачыш, як нейкая штука за секунду робіць тое, чаму ты вучыўся некалькі гадоў, вядома, узнікае трывога. Трэба проста падыходзіць да калег і задаваць пытанне: ці варта мне турбавацца? Я так і зрабіў. Мне сказалі: не варта, мы цэнім цябе за ўласны стыль.

Але гэта стала штуршком для рэфлексіі, для таго, каб падумаць, чым я адрозніваюся ад нейрасеткі, ад робата. Алгарытм на базе аналізу вялікай колькасці дадзеных можа зрабіць прыгожы малюнак. Але я зразумеў, што алгарытмы не могуць працаваць з іроніяй, не могуць адрэагаваць шчыра на нейкую падзею, бо робаты не стасуюцца з нашым светам, не пражываюць падзей, якія пражываем мы.

Паглядзіце на працы Анастасіі Рыдлеўскай — яе стыль машына можа досыць проста паўтарыць, але эмоцыі і ідэя, якія за ім стаяць, штучнаму інтэлекту не вельмі зразумелыя.

Трывога трывогай, але ШІ пакуль не можа нас замяніць. З нейрасеткамі час ад часу здараюцца факапы.

Мастакі ўжо страчваюць працу праз штучны інтэлект
Нейрасетка так бачыць / t.me/nejromerezha

Але так, на творчых напрамках хутка будзе працаваць менш людзей — і гэта не нешта новае, такая “аптымізацыя” ўжо адбывалася.

Прыкладам, нядаўна я даслаў майму сябру-архітэктару выявы домікаў, якія зрабіла нейрасетка, з каментаром: “Як добра, што ты зваліў з архітэктуры!” Ён адказвае: “Слухай, архітэктура — гэта ж не толькі пра малюнкі. Нейрасетка не заменіць архітэктара, проста цяпер у нашай сферы будзе працаваць меней людзей”. І скідвае фотаздымак, на якім цэлы натоўп людзей малюе план будынка на падлозе.

Мастакі ўжо страчваюць працу праз штучны інтэлект
Як раней працавалі архітэктары / creative commons

Так, раней цэлы паверх мог быць забіты такімі “міньёнамі”, бо не было адпаведных камп’ютарных праграм. А як прыходзілі “праўкі ў макет”, трэба было нанова гэта перамалёўваць. Праграмы замянілі многіх людзей, а цяпер нейрасеткі забяруць на сябе яшчэ нейкі кавалак такой тэхнічнай працы.

Але хоць нейрасетка і навучылася працаваць з формай, з ідэямі пакуль можа працаваць толькі чалавек. І што мяне радуе ў гэтай гісторыі, дык тое, што людзі, якія дрэнна могуць працаваць з формай, цяпер могуць данесці свае ідэі свету дзякуючы ШІ. Гэта развяжа рукі вялікай колькасці людзей.

Ці карыстаюся я ШІ ў працы? Так, я спрабаваў, і ў гэтага ёсць плюсы: можна згенерыць малюнак і не перажываць, што да цябе прыйдуць і спытаюць, чаму ты выкарыстаў у калажы чужую працу. Але на тое, каб патлумачыць машыне, што зрабіць, ідзе шмат часу.

“Prompt [тэкставая фраза, якую бот інтэрпрэтуе для стварэння малюнкаў] гэтага не рабі”.

“Prompt і так таксама не рабі”.

“Prompt чаму зноў 6 пальцаў?!”

За час гэтай размовы з машынай можна зрабіць добры калаж.

Таму цяпер я нейрасеткі выкарыстоўваю нячаста, ды і стылістыкай яны мне не надта падыходзяць. Мяне больш хіліць у аналаг, у працу са старымі фатаздымкамі, напрыклад.

І гэта зразумела: чым больш чалавецтва хіліцца ў digital, тым больш яго цягне назад да аналагу. Калі існавалі “Бітлы”, хацелася зрабіць музыку больш тэхналагічнай. А цяпер, калі яна ўся тэхналагічная, думаеш пра тое, што хочацца дадаць акустыкі. Тое самае і ў дызайне.

 

А што з капірайтам?

Адна з самых спрэчных тэмаў, звязаных з выкарыстаннем нейрасетак у дызайне і мастацтве, — аўтарскія правы. Нейрасеткі вучацца “маляваць” на працах сапраўдных мастакоў, якія часта не тое што не атрымліваюць ад гэтага “навучання” ніякага прыбытку, дык яшчэ нават і згоды сваёй не даюць.

Улад адмаўляецца падымаць тэму аўтарскіх правоў, бо кажа, што ён у гэтым сэнсе і сам “нейрасетка” мінулай версіі.

— Гэта вельмі спрэчная тэма, і кожны адкажа на гэтае пытанне па-свойму. Нехта выбудоўваў свой стыль гадамі, а потым прыйшла нейрасетка і за секунды авалодала гэтым стылем.

А нехта скажа як я: хай будзе digital-анархізм! Давайце адкрыем доступ да ўсяго, будзем шэрыць інфармацыю і развівацца праз гэта як грамадства.

Ілюстрацыю для гэтага тэкста зрабіў Улад Рубанаў, якога Еўрарадыё не плануе мяняць на нейрасетку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі