Матч футбольных зборных Беларусі і Габона пакажуць у жывым эфіры
Таварыская гульня пройдзе 30 сакавіка ў Турцыі.
Стаў вядомы склад футбольнай зборнай Беларусі на матчы з камандамі Македоніі і Габона. Нагадаем, беларусы гуляюць з македонцамі ў гасцях 27 сакавіка. Гэта будзе адборачны матч чэмпіянату Еўропы. Яго пакажа ў жывым эфіры тэлеканал "Беларусь 2". 30 сакавіка беларуская зборная згуляе ў турэцкім Белеку таварыскі паядынак з камандай Габона. У жывым эфіры яго пакажа тэлеканал "Беларусь 5", інфармуе "Прессбол".
Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч выклікаў на згаданыя матчы 23 гульцоў:
брамнікі — Андрэй Гарбуноў ("Атрамітас", Афіны, Грэцыя), Юрый Жаўноў ("Тарпеда", Масква, Расія), Сяргей Чэрнік (БАТЭ, Барысаў);
абаронцы — Максім Жаўнерчык, Дзяніс Палякоў, Максім Валадзько (усе — БАТЭ), Ігар Шытаў ("Мардовія", Саранск, Расія), Аляксандр Мартыновіч ("Краснадар", Расія), Сяргей Паліцевіч ("Дынама", Мінск), Ягор Філіпенка ("Малага", Іспанія), Максім Бардачоў ("Растоў", Расія);
паўабаронцы — Іван Маеўскі ("Завіша", Быдгашч, Польшча), Сяргей Кісляк ("Рубін", Казань, Расія), Сяргей Крывец ("Мец", Францыя), Антон Пуціла ("Тарпеда", Масква), Аляксандр Глеб ("Генчлербірлігі", Анкара, Турцыя), Станіслаў Драгун ("Крылы Саветаў", Самара, Расія), Цімафей Калачоў ("Растоў"), Міхаіл Гардзяйчук, Ігар Стасевіч (абодва — БАТЭ), Павел Няхайчык ("Томь", Томск, Расія);
нападаючыя — Мікалай Януш ("Шахцёр", Салігорск), Сяргей Карніленка ("Крылы Саветаў").
Сярод згаданых футбалістаў два навічкі — 31-гадовы брамнік Гарбуноў і 26-гадовы паўабаронца Маеўскі.
Нагадаем, у адборачнай групе С лідыруе Славакія — 12 ачкоў, Іспанія і Украіна — па 9, Македонія — 3, Беларусь і Люксембург — па 1. Беларусы прайгралі Украіне (дома, 0:2), Славакіі (дома, 1:2), Іспаніі (у гасцях, 0:3), згулялі ўнічыю з Люксембургам (у гасцях, 1:1).
На 25 сакавіка запланаваная прэс-канферэнцыя Аляксандра Хацкевіча.
Фота: Fotolia