Майра Мора: Пра бязвізавы рэжым з ЕС беларусам думаць пакуль зарана

Наступны раунд перамоваў па аблягчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС пройдзе не раней, чым у лютым 2015 года. І пакуль пытанне аб бязвізавым рэжыме нашай краіны з зонай Шэнген не стаіць у парадку дня. Пра гэта 14 студзеня падчас сустрэчы з журналістамі заявіла кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора:

“Першы этап — гэта спрашчэнне візавага рэжыму. А пытанне аб бязвізавым рэжыме не можа стаяць (у парадку дня — Еўрарадыё) — гэта як прапанова, як наступны этап, як маяк. Трэба завершыць гэтыя перамовы і тады можна пра бязвізавы рэжым гаварыць. Зараз ідзе нармальны перамоўны працэс, калі абодва бакі кожны раз абазначаюць свае пазіцыі, дамаўляюцца пра нейкія спрэчныя пытанні. Нейкія спрэчныя пытанні застаюцца, бакі разыходзяцца, а потым ізноў сустракаюцца. Бо пытанні і аб спрашчэнні візавага рэжыму, і аб рэадмісіі звязаныя з унутраным заканадаўствам. І трэба туды альбо нейкія змены ўнесці, альбо перагледзіць пазіцыі”.

У Латвіі заявілі, што паміж Беларуссю і ЕС магчымая адмена візавага рэжыму

Тым не менш, кажа Майра Мора, змяняць пазіцыю і весці перамовы ўжо зараз аб увядзенні бязвізавага рэжыму для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў — на гэта ў дэлегацыі ЕС, якая удзельнічае ў перамовах з Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму, няма адпаведнага мандату.

Як вядома, беларускі бок настойвае на змяненні гэтага мандату і на атрыманні еўрапейскімі перамоўшчыкамі дадатковых паўнамоцтваў. Напрыклад, датычна тых жа дыппашпартоў і бязвізавага рэжыму для іх. І падштурхнуць чыноўнікаў ЕС да перагляду выдадзенага сваёй дэлегацыі мандату на вядзенне перамоваў з Беларуссю не зможа нават вызваленне ўсіх палітвязняў, сцвярджае Майра Мора. Па словах кіраўніцы прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, два гэтыя пытанні ніякім чынам не звязаныя. Бо аблягчэнне візавага рэжыму “найперш прызначацца шырокаму колу грамадзян Беларусі”.

Нагадаем, у 2014 годзе паміж Беларуссю і ЕС пачалі перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Гэта найперш прадугледжвае зніжэнне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў да 35 еўра. Зараз шэнген каштуе 60 еўра.

Фота: АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі