Медыкаў мінскай клінікі прымушаюць мыць новы корпус перад адкрыццём
5-я клініка Мінска / 5gkb.by
У 5-й бальніцы Мінска неўзабаве адчыняць новы корпус. Але саміх работнікаў лякарні прымушаюць прыбіраць яго ў вольны ад працы час, а за адмову пагражаюць пазбавіць прэміі. Пра гэта журналістам сайта "Зеркало" распавяла адна з супрацоўніц клінікі.
Па словах дзяўчыны, адчыніць новы корпус плануюць да 3 ліпеня — афіцыйнага Дня Незалежнасці. На прыборку супрацоўнікаў сталі адпраўляць з мінулага тыдня.
"Адпраўляюць дактароў, медсясцёр, санітарак, інтэрнаў, студэнтаў-практыкантаў. Нам трэба мыць падлогі, вокны, сцены, плітку ад будаўнічага клею. Чаму гэта павінны рабіць менавіта супрацоўнікі бальніцы, ніхто не разумее. Кіраўніцтва кажа: гэта грамадзянскі абавязак", — распавядае дзяўчына.
Яна дадае, што ахвочых прыбіраць сярод персаналу мала, але ўсе баяцца пярэчыць начальству.
Журналістка затэлефанавала ў бальніцу як маці інтэрна. Ёй пацвердзілі, што парадак у новым корпусе наводзяць спецыялісты з усіх аддзяленняў — маўляў, гэта нешта кшталту суботніка ці валанцёрскай дзейнасці. Пры гэтым у клініцы кажуць, што без праблем можна адмовіцца ад такой працы: "Але калі ваша дзіця не хоча, хай падыдзе да загадчыка аддзялення і скажа: "Я не хачу хадзіць, я не буду працаваць", — і людзі гэта ўсё зразумеюць".
А вось пытанне пра аплату за прыборку выклікала ў клініцы шчырае здзіўленне: "Якая аплата? Гэта аддзяленне, суботнікі. Гэта адкрыццё аддзялення, гэта валанцёрская дапамога <...>. Гэта дружны калектыў, які выходзіць прыбіраць сваё аддзяленне. Сваё аддзяленне. У мяне санітарачкі суткі адпрацуюць — і ідуць працаваць. Ніхто не аплачвае, гэта сваё аддзяленне, свой калектыў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.