Менш за 15 хвілін і ніводнага пытання ― бюджэт-2017 дэпутатамі прыняты
На тое, каб 3 кастрычніка прыняць бюджэт у першым чытанні, дэпутатам хапіла 40 хвілін. А ў Авальнай зале прысутнічала 104 са 110 народных абраннікаў. Адзін дэпутат задаў два пытанні міністру фінансаў па праекце бюджэту і бадзёра прагаласавалі: 98 — за, 1 — супраць, 5 не галасавала.
Што было на другім чытанні?
У зале — 100 са 110 дэпутатаў. У “міністэрскай ложы” ― практычна пуста. Самотна сядзяць міністр фінансаў Амарын і двое прадстаўнікоў Міністэрства па падатках і зборах. Ёсць яшчэ, праўда, міністр па надзвычайных сітуацыях з двума памочнікамі і намеснік міністра замежных спраў, але яны тут па сваіх законапраектах, да бюджэту не датычных.
Прыняцце галоўнага фінансавага дакумента 2017-га года ў другім чытанні ў народных абраннікаў заняло яшчэ менш часу: сем хвілін ― на даклад старшыні камісіі па бюджэце і фінансам Людмілы Дабрынінай, сем секунд ― старшыня Палаты Прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка цікавіцца ў дэпутатаў, ці ёсць у іх пытанні па бюджэце, слухае ў адказ цішыню і перадае слова дэпутату Вользе Палітыка, яшчэ пяць хвілін ― выступ Вольгі Палітыка ў падтрымку прапанаванага дэпутатам на ўхваленне праекта бюджэту. Плюс галасаванне, і агулам атрымліваем менш пятнаццаць хвілін.
Падсумоўваем вынік двух пасяджэнняў: каля 55 хвілін часу, два пытанні ад аднаго дэпутата і бюджэт прыняты! Ну, прынамсі такое складаецца вонкавае ўражанне.
Дэпутат Валерый Барадзеня ўжо звыкла тлумачыць:
“Была зробленая вельмі вялікая праца з красавіка месяца гэтага года. Праца гэта вялася сумесна з дэпутатамі, улічаныя былі шмат якія пажаданні нашай камісіі (па бюджэце і фінансах, ― Еўраррадыё), якія мы прапаноўвалі. І таму такіх ужо сур’ёзных правак не было. І я думаю, што гэта наша дасягненне, што мы працуем сумесна ― усе органы ўлады. І можам дамаўляцца не ў Авальнай зале, а на працоўных камісіях і здымаць усе пытанні да таго, як пачнём абмяркоўваць дакумент публічна”.
Праўда, потым з усмешкай дадае:
“Сёння ў нас больш упэўненасці ў нейкіх трэндах кошту нафты ― не чакаем нейкіх рэзкіх рухаў, больш стабільнасці ў расійскай валюце. А гэта тыя паказчыкі, якія значна ўплываюць на параметры бюджэту. Таму, спадзяюся, што да вясны бюджэту не спатрэбіцца карэкціроўка”.
Нібыта задаволеная бюджэтам на наступны год і дэпутат Вольга Палітыка. Праўда, ад яе гучыць даволі шматзначная фраза.
“Што хачу адзначыць: бюджэт на 2017 год ― найбольш рэалістычны з усіх папярэдніх бюджэтаў, якія мы прымалі. Гэта нараджае ўпэўненасць у тым, што ён будзе выкананы”.
Фота Змітра Лукашука