Мэр Львова: На працу хаджу пехам — ці ахова выратуе ад гранатамёта “Муха”?

Цалкам размову з мэрам Львова Андрэем Садовым можна слухаць:

Еўрарадыё: Мы з вамі размаўлялі ў сакавіку, падчас анексіі Крыма. З таго часу шмат што змянілася ва Украіне, а што змянілася ў Львове?

Андрэй Садовы: Мы ўсё жывём у краіне, якая знаходзіцца ў стане вайны, мы хаваем нашых салдат, якія паміраюць за незалежнасць Украіны. З нашай мінулай размовы мы пасталелі, і гэтае сталенне адбываецца штодня. Сёння Львоў мае вельмі вялікае значэнне для краіны, бо гэта горад, куды можна прыехаць і адчуць сябе вольным чалавекам. І вельмі шмат людзей прыязджае ў Львоў з розных гарадоў, з усходу Украіны па гэтае адчуванне. У нас няма ніводнай сям’і, якая б не была задзейнічаная ў дапамозе нашым салдатам: набываюць і перадаюць харчаванне, бронекамізэлькі — усё, што патрэбна. Ды, сёння практычна ўсё краіна ўзнялася, каб бараніцца ад агрэсара, гэта адчуваецца і ў нашым горадзе.

Еўрарадыё: Днямі бачыў сюжэт, што кіеўскае метро рыхтуюць пад бамбасховішчы — усё так сур’ёзна?

Андрэй Садовы: Хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Расія будзе размаўляць толькі з моцнымі, і мы павінныя быць гатовыя да самых неверагодных сцэнараў. Каб адчуваць сябе ўпэўненым, трэба быць гатовым заўжды.

Еўрарадыё: А што робіць Львоў, каб быць гатовым?

Андрэй Садовы: Усе дарослыя мужчыны павінныя ўмець абараніць сваю сям’ю, свой горад, сваю краіну. Усе павінныя ўмець аказваць першую медычную дапамогу. І мы будзем працаваць з усімі нашымі прадпрыемствамі, установамі: праводзіць адпаведныя курсы з дапамогай нашай Акадэміі сухапутных войскаў. Больш інфармацыі для насельніцтва пра тое, як сябе паводзіць у форс-мажорных сітуацыях. Канечне, сцэнар ваенных дзеянняў ва Львове — гэта нешта не вельмі рэальнае, але ж і год таму ніхто не мог падумаць, што будзе Рэвалюцыя Годнасці, акупацыя Крыма, што Януковіч уцячэ разам з урадам. Сёння свет вельмі крохкі, і трэба быць вельмі ўважлівым. На ўсе мерапрыемствы горад мае неабходныя сродкі, нармальна функцыянуе: працуюць усе прадпрыемствы, плацяцца падаткі. Скажу нават больш — прыбыткі ад індустрыі турызму павялічыліся на 20%, калі параўноўваць са жніўнем мінулага года.

Еўрарадыё: І як вы адчуваеце — наколькі жыхары Львова гатовыя супраціўляцца магчымай агрэсіі?

Андрэй Садовы: Яны заўжды гатовыя. І мы гэта дэманстравалі яшчэ ў мінулым стагоддзі, калі Львоў і Заходняя Украіна ваявалі з нацыстамі і нквдэшнікамі — тут баі былі да 1956 года. Мы сваю зямлю, сваю радзіму нікому аддаваць не збіраемся. І сёння мы ўсе свае дзеянні каардынуем з батальёнамі добраахвотнікаў.

Еўрарадыё: Асабіста вы якую ваенную спецыяльнасць маеце?

Андрэй Садовы: Я старшы сяржант. Але сёння мая галоўная задача — кіраваць горадам, забяспечваць яго нармальнае функцыянаванне, а калі будзе пастаўленая якая іншая задача, то буду яе выконваць без дыскусій.

Еўрарадыё: Чуў, што да вас баяцца ехаць турысты з Польшчы, Беларусі — за кошт каго павялічыўся турызм?

Андрэй Садовы: Усходняя і Цэнтральная Украіна, Кіеў. Львоў выбіваецца на фоне іншых украінскіх гарадоў, бо гэта еўрапейскі горад. За апошнія гады мы шмат грошай выдаткавалі на інфраструктуру, на камфорт для грамадзян, і людзі гэта бачаць. Але прыязджаюць і беларусы, і расіяне. Мы рады ўсім гасцям, якія прыязджаюць з добрымі намерамі.

Еўрарадыё: Расіяне не баяцца крыважэрных бандэраўцаў?!

Андрэй Садовы: Прыязджаюць адукаваныя расіяне. Мне шкада расіян — вялікая краіна, а людзі бедныя. Гэта сённяшняя палітыка расійскага кіраўніцтва: каб людзі былі небагатыя і не вельмі адукаваныя — такімі людзьмі лёгка маніпуляваць. Вось, наш вядомы зямляк спадар Яўлінскі, лідар “Яблыка” — з ім былі добрыя адносіны, яны такімі і засталіся. Той жа Вікцюк цяпер у Львове, Фрыдман прыязджаў у чэрвені з сябрамі і сям’ёй на “Альфа-джаз” — такія дзеячы культуры разумеюць, што на самай справе адбываецца. З расійскімі палітыкамі я не знаёмы. Некалі пазнаёміўся з Валянцінай Матвіенка, калі яна прыязджала ў Львоў у якасці губернатара Санкт-Пецярбурга, але з часу, калі яна пайшла на працу ў Дзярждуму, кантактаў з ёй не было.

Еўрарадыё: Большасць украінскіх гарадоў стварыла свае батальёны для ўдзелу ў АТА на Данбасе, а Львоў?

Андрэй Садовы: У нас таксама ёсць батальён, які праходзіць службу на ўсходзе — гэта міліцэйскі батальён. Але шмат львавян служыць у розных батальёнах добраахвотнікаў: і ў “Азове”, і ў “Дняпры”, і ў “Данецку”, і ў іншых.

Еўрарадыё: Львоў таксама прымае ўцекачоў з усходу. Шмат чытаў, што ў мясцовых уладаў з такімі ўцекачамі ўзнікаюць праблемы: працаваць не хочуць, ваяваць за сваю зямлю таксама, прывезлі з сабой свае прарасійскія настроі. У вас такія праблемы ёсць?

Андрэй Садовы: Няма. Людзі адэкватна ўспрымаюць сітуацыю. Калі гэта жанчыны і дзеці — ім неабходна аказваць дапамогу, калі мужчыны — яны павінныя станавіцца на ўлік у ваенкамаце і быць гатовымі абараняць сваю зямлю са зброяй. Шмат хто набывае кватэры ў горадзе, распачынае свой бізнес, і я гэтаму вельмі рады, бо калі ствараюцца новыя працоўныя месцы, то гэта на карысць гораду.

Еўрарадыё: Выказваюцца меркаванні, што тую частку Данбаса, дзе цяпер валадараць сепаратысты, не выратаваць, бо яна атручаная прарасійскімі настроямі. Маўляў, лепш адрэзаць гэтую хворую частку…

Андрэй Садовы: Украіна — гэта жывы арганізм, і калі ты адсякаеш руку ці нагу, то шчасця ўжо не будзе. Можна лекаваць, і сёння ёсць шмат магчымасцяў для гэтага. Хвароба вельмі старая, вельмі непрыемная, і вінаваты ў ёй увесь палітычны бамонд, які 23 гады імітаваў рэформы, вешаў локшыну на вушы. Я аптыміст і веру ў заўтрашні дзень.

Еўрарадыё: Але ж Крым ампутавалі, і хоць гэта балюча, Украіна жыве далей…

Андрэй Садовы: А хто сказаў, што ампутавалі? І што, мы з гэтым пагадзіліся? Ніколі ў жыцці мы з гэтым не пагодзімся! Крым вернецца вельмі хутка, калі ўзровень жыцця ва Украіне стане вышэйшы, крымчане самі сюды прыйдуць, усе. Усе гэта выдатна разумеюць, і таму для Пуціна вельмі важна, каб узровень жыцця быў нізкім. Калі мы будзем добра жыць, калі будзем разам з ЕС, будуць рэформы — ого, невядома, што будзе з Расіяй!

Еўрарадыё: Ці трэба эканоміку Львова пераводзіць на ваенныя рэйкі?

Андрэй Садовы: Эканоміку краіны трэба! Трэба больш заказаў даваць нашым ваенна-прамысловым прадпрыемствам, каб мы ўсё неабходнае рабілі самі. Гэта было непрыемна, калі першыя партыі бронекамізэлек, касак, цеплавізараў, каліматары даводзіла заводзіць з-за мяжы і часам нелегальна. Усё гэта павінная рабіць краіна, а горад будзе дапамагаць. Балюча, калі ты бачыш непрафесіяналізм, але сёння мы сціскаем зубы і маўчым. Будзе вельмі сур’ёзны “разбор палётаў”, але пазней — калі закончыцца вайна. А сёння ўсе павінныя быць з’яднаныя, каб перамагчы ворага.

Еўрарадыё: Пытанне да вас як да палітыка: ці патрэбна цяпер праводзіць выбары ў Вярхоўную Раду і ці трэба ўводзіць ваеннае становішча?

Андрэй Садовы: Выбары патрэбныя. Але трэба, каб яны праводзіліся па адкрытых спісах і ў вельмі сціслыя тэрміны выбарчай кампаніі. Бо сённяшні парламент сябе цалкам дыскрэдытаваў: гэта не парламент, а зборышча людзей, якія прадавалі інтарэсы нашай краіны. Калі казаць пра ваеннае становішча, то рэальна мы сёння ў стане вайны. Я не цалкам ведаю міжнароднае права — якія могуць быць плюсы, а якія мінусы ад гэтага, але думаю, што кіраўніцтва краіны будзе прымаць рашэнне, выгаднае для краіны. Думаю, што патрэбныя больш рашучыя дзеянні, больш уважліва ставіцца да кадравай палітыкі. Бо часам дамінуе палітычны аспект, а неабходны аспект прафесійны.

Еўрарадыё: А як у вас з прэзідэнцкімі амбіцыямі?

Андрэй Садовы: Я сёння прэзідэнт Львова і вельмі гэтым ганаруся. Калі хочаш рассмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы. Трэба рабіць тое, ад чаго будзе найбольшая карысць для людзей.

Еўрарадыё: Таксама ў мінулым інтэрв’ю Еўрарадыё вы казалі пра планы ачысціць горад ад карупцыянераў-чыноўнікаў і міліцыянераў. Ачысцілі?

Андрэй Садовы: Не. Не хапае смеласці ў людзей, якія адказваюць за гэтыя кірункі.

Еўрарадыё: А вы тут навошта — не можаце падштурхнуць?

Андрэй Садовы: Не, ну ў нас народ шмат робіць: хочуць, да прыкладу, з Кіева прызначыць нейкага міліцэйскага начальніка, то народ выходзіць і не дае гэтага зрабіць. Што да мясцовага самакіравання, то яно, на вялікі жаль, вельмі абмежаванае ў правах. Дзяржава за апошнія гады шмат паўнамоцтваў забрала ў гарадоў, выбудавала свае карупцыйныя ліфты і забірае апошнія рэсурсы з гарадоў. Таму калі Украіна пойдзе на рэформы, мясцовае самакіраванне атрымае паўнамоцтвы, і Украіна будзе паспяховай краінай.

Еўрарадыё: Пра неабходнасць дэцэнтралізацыі вы казалі нам яшчэ ў сакавіку, калі Парашэнка не быў прэзідэнтам. Пасля яго абрання вы данеслі да яго гэтыя свае ідэі? Як ён на іх адрэагаваў?

Андрэй Садовы: Ён падтрымлівае тое, што я кажу. Усе падтрымліваюць. Але, на вялікі жаль, мала робяць, знаходзяць нейкія незразумелыя аргументы. Тыя сябры ўраду, якія раней імі не былі, таксама былі за хуткія рэформы. Але калі селі ў новыя кабінеты, атрымалася, што гэта яны павінныя частку сваіх паўнамоцтваў аддаваць. І яны пачынаюць тармазіць. Нічога з гэтага не атрымаецца: і рэформы будуць, і мясцовае самакіраванне атрымае больш паўнамоцтваў. А вось калі казаць пра федэралізацыю, то я супраць яе. Бо шмат хто ўспрымае гэта як магчымасць займець для сябе прыватныя вобласці. Гэтага нельга дапускаць, мы ўнітарная краіна.

Еўрарадыё: Ну скажыце шчыра: няўжо не хацелі б быць ні ад кога не залежным кіраўніком у Львове і вобласці? Вунь, кажуць, што Каламойскі сабе ледзь не ўдзельнае княства ў Днепрапятроўску будуе!

Андрэй Садовы: Ён там вельмі шмат сіл і здароўя аддае на тое, каб людзі ў Днепрапятроўску былі абароненыя. Гэтыя міфы, што нехта нешта сабе там выбудоўвае... мы жывём у ХХІ стагоддзі, і на цябе ўплыў маюць усе. Ведаеце, я нарадзіўся ў Львове, атрымаў адукацыю, ажаніўся, у нас з Кацяй пяцёра дзяцей, і я хачу тут сустрэць старасць, хачу, каб наш горад і наша краіна былі нармальныя. Жорсткая цэнтралізацыя нараджае вялікія праблемы. Калі ты хочаш развівацца, ты павінен слухаць вельмі шмат людзей. Так, трэба мець мужнасць прымаць няпростыя рашэнні, і прымаць такія рашэнні я гатовы, а вось абмяжоўваць нечыя правы — не.

Еўрарадыё: Вы па-ранейшаму пехам ходзіце на працу?

Андрэй Садовы: Так, у гэтым нічога не змянілася.

Еўрарадыё: Раскажыце пра замах на вас.

Андрэй Садовы: Непрыемны момант. Дзякуй Богу, што ўсе жывыя і здаровыя, рамонт у доме, па якім стрэлілі з гранатамёта, ужо завершаны. Не, калі б задуманае атрымалася, то гэта было б жахліва. Але гэта вайна, і да такога трэба быць падрыхтаваным.

Еўрарадыё: І як вы падрыхтаваліся, што робіце для сваёй бяспекі?

Андрэй Садовы: Якая “бяспека” можа вас абараніць ад гранатамёта “Муха”? Якая браніраваная машына ці якая колькасць аховы? Гэта нерэальна. Я не ведаю, было гэта папярэджанне мне ці гораду альбо нешта іншае, але дакладна ведаю, што гэта мэта не дасягнутая, і грамадства толькі яшчэ больш аб’ядналася. А я яшчэ больш цвёрды стаў у сваіх перакананнях — гэта мая прынцыповая пазіцыя. Львоў — горад бяспечны. Я ніколі аховай не карыстаўся, не карыстаюся і не бачу ў гэтым сэнсу. Я хаджу пехам, але калі трэба, то карыстаюся машынай. А ахова навошта? Гэта панты для прыезджых. Не, ну калі ты ў некага нешта скраў ці некаму зрабіў балюча, тады ахова патрэбная.

Еўрарадыё: А як жа гарадскія вар’яты?

Андрэй Садовы: Дык я іх усіх ведаю па імёнах! Гэта нармальныя людзі, і яны часам хутчэй табе праўду раскажуць, чым тыя, хто лічыць сябе нармальным.

Еўрарадыё: Ці магчымы ў Беларусі паўтор украінскага сцэнару?

Андрэй Садовы: Не трэба нікому нічый сцэнар паўтараць. Кожная краіна павінная будаваць сваё жыццё і абіраць тых кіраўнікоў, якімі яна будзе ганарыцца. Усяму свой час. Беларусь — гэта краіна, якая мае вельмі складаны і цяжкі лёс, у Беларусі жыве шмат вельмі добрых людзей. І калі мы кажам пра Еўропу, то Беларусь з часам зойме ў ёй вельмі значнае месца.

Еўрарадыё: Патлумачце беларусам, чаму ім не трэба баяцца “фашыстаў і бандэраўцаў” і можна ехаць у Львоў.

Андрэй Садовы: Я люблю беларусаў, і калі мяне баяцца, то за што? Трэба проста прыязджаць, сустракацца, размаўляць і любіць адно аднаго. Бо свет недасканалы, і людзей, якія цябе разумеюць, няшмат. У нас вялікая агульная гісторыя, бяды агульнай у нас таксама было вельмі шмат. Дай Бог, каб мы былі разам і радасці было больш для нас усіх. Я вам нават верш на беларускай мове прачытаю, які памятаю са школьных гадоў:

“Я беларус, я брат табе, наш старажытны Кіеў

З дрымучых лясоў, ад крыштальных азёр, ад цудоўных людзей Беларусі

Я прынёс табе, Кіеў, зямны паклон!”

Фота і відэа Змітра Лукашука

Vital Zybluk: https://www.youtube.com/watch?v=Fbykndk1rww&feature=youtu.be autoplay:0]

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі