Меркель і Аланд пагавораць у Маскве з Пуціным пра Украіну і Саўчанку
Напярэдадні ў Кіеве прэзідэнты Украіны, Нямеччыны і Францыі правялі перамовы ў закрытым рэжыме.
6 лютага ў Маскве адбудзецца сустрэча канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Лідары заходніх дзяржаваў маюць намер абмеркаваць з Пуціным новую мірную ініцыятыву па Данбасе, інфармуе ВВС.
Нагадаем, учора Меркель і Аланд раптоўна прыляцелі ў Кіеў. Там адбылася іх пяцігадзінная сустрэча з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Яна праходзіла ў закрытым рэжыме. Пасля яе заканчэння ніякіх заяваў для прэсы не было зроблена. Адзінае, што сказаў Аланд, гэта згадка пра намер яго і Меркель прапанаваць "новы шлях вырашэння канфлікту, заснаваны на прынцыпе тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", які мусіць быць "прыймальны для ўсіх бакоў".
У паведамленні на сайце ўкраінскага прэзідэнта адзначаецца, што былі распрацаваныя "сумесныя прапановы для рэалізацыі Мінскіх дамоваў". "Бакі падтрымалі мірнае ўрэгуляванне канфлікту ў Данецкай і Луганскай абласцях і выказалі надзею, што і Расія зацікаўленая ў гэтым", — інфармуе прэс-служба Парашэнкі.
Лідары Украіны, Нямеччыны і Францыі заклікалі да неадкладнага спынення агню, вываду замежных войскаў з Украіны, адводу цяжкай тэхнікі і ўзбраенняў, закрыцця мяжы і вызвалення ўсіх закладнікаў. Пётр Парашэнка заклікаў еўрапейскіх лідараў садзейнічаць вызваленню ўкраінскага пілота, дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Надзеі Саўчанкі. Як вядома, яна была вывезена з Украіны расійскімі спецслужбамі і знаходзіцца ў зняволенні ў Маскве, яе падазраюць у дачыненні да гібелі расійскіх журналістаў. Саўчанка працяглы час трымае галадоўку і знаходзіцца ў цяжкім стане.
Нагадаем, 5 лютага Украіну наведаў дзяржсакратар ЗША Джон Керы. Паводле яго слоў, Меркель і Аланд атрымалі прапановы ад Пуціна і падрыхтавалі ўласныя. Іх мэта — дасягненне міру ва Украіне.
Як піша УНІАН, Уладзімір Пуцін прапанаваў кіраўнікам Нямеччыны і Францыі "стварыць новае Прыднястроўе ва Украіне". Яго варыянт вырашэння канфлікту называюць "занадта цынічным".
Фота: Reuters