Меркель і Аланд правялі з Пуціным “канструктыўныя перамовы” (відэа)

Канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд дамовіліся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным падрыхтаваць сумесны дакумент аб урэгуляванні крызісу ва Украіне. Цяпер да абмеркавання дакумента павінен падключыцца ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка, а ў нядзелю бакі падвядуць папярэднія вынікі ў часе тэлефоннай канферэнцыі ў “нармандскім фармаце”.

Падрабязнасці сустрэчы траіх лідараў, якая адбылася ў пятніцу, 6 лютага, не агучваліся. Меркель і Аланд прагаварылі з Пуціным пра Украіну болей за пяць гадзінаў і пакінулі Маскву без заяваў для прэсы.
 
Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў пазней заявіў, што праект новага дакумента скіраваны на імплементацыю мінскіх пагадненняў і ўключае прапановы кіраўнікоў усіх краін, а таксама ўкраінскага лідара.

У германскім міністэрстве замежных спраў перамовы ў Маскве назвалі “канструктыўнымі і змястоўнымі”. У Парыжы таксама назвалі гэтыя перамовы канструктыўнымі.

Між тым улады ЗША ўспрынялі сустрэчу лідараў Расіі, Германіі і Францыі са скептыцызмам. Паводле прэс прадстаўніка Дзярждэпартаменту ЗША Мары Харф, нельга назваць пазітыўным сігналам тое, што расійскі прэзідэнт выслухаў еўрапейскіх лідараў. “Яны і так слухалі. Яны проста нічога не робяць”, — цытуе Асашыэйтэд прэс прадстаўніцу Дзярждэпу.

Як перадае ВВС, журналісты, якія прысутнічалі ў Крамлі, адзначылі, што Меркель, Аланд і Пуцін пачалі перамовы без традыцыйных цырыманіяльных поціскаў рукі і ўсмешак. Праз некаторы час пасля пачатку сустрэчы яны выйшлі, каб папазіраваць перад камерамі, пасля чаго працягнулі перамовы сам-насам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі