Месца пахавання маці Лукашэнкі фатаграфаваць "непажадана"
"Прадстаўнікі сям'і" настойваюць, каб такія фатаграфіі не з'яўляліся да 40 дзён па смерці жанчыны.
Маці Аляксандра Лукашэнкі Кацярыну Трафімаўну пахавалі 26 траўня на могілках вёскі Хімы ў Аршанскім раёне Віцебшчыны. Могілкі знаходзяцца недалёка ад роднай вёскі кіраўніка дзяржавы — Александрыі-2, у якой яго маці пражыла амаль усё жыццё.
Як паведамляе Радыё "Свабода", магіла нябожчыцы ўся ў вянках. Сярод астатніх яна нічым не вылучаецца, хіба колькасцю вянкоў. Над магілаю драўляны крыж з таблічкай, на якой пазначаныя гады жыцця Кацярыны Трафімаўны.
Але фатаздымкі магілы і саміх могілак журналісту давялося выдаліць. На гэтым настаялі двое мужчын, якія назваліся прадстаўнікамі сям’і нябожчыцы. Па іх словах, сваякі Кацярыны Трафімаўны не хочуць, каб такія фатаграфіі з'яўляліся ў прэсе да сарака дзён па нябожчыцы. Так сама настойліва яны рэкамендавалі журналісту не фатаграфаваць і сядзібу на месцы знесенай старой хаты, у якой жыла Кацярына Трафімаўна і вырас Аляксандр Лукашэнка. Мужчыны ветліва і карэктна параілі журналісту "Свабоды" не турбаваць да саракавін і аднавяскоўцаў маці Лукашэнкі.
Нагадаем, што пра смерць 90-гадовай Кацярыны Трафімаўны Лукашэнкі стала вядома 26 траўня. У гэты ж дзень яе пахавалі.