Міла Котка: У нас пусценька на сценах і чысценька на вуліцах, затое мы гасцінныя
2 верасня цягам 24 гадзін сталічная вуліца Кастрычніцкая будзе "Вуліцай Бразіл". Як мае быць — з карнавалам, новымі мураламі, скульптурамі, хмарачосамі, крамамі, фудкортамі, выступам гурта "Троіца" і размаляванымі трамваямі. Міла Котка, прадзюсарка бразільска-беларускага фестывалю ўрбан-арта Vulica Brasil, распавядае пра сёлетні фэст і мастакоў, якія да 18 муралаў, створаных раней, дадаюць новыя.
Пра мэты: якімі яны былі і якімі сталі
Vulica Brasil — гэта як жыццё чалавека, якое мяняецца, гледзячы на тое, чым займаецца чалавек і якія робіць высновы наконт таго, што з ім адбываецца. Першую "Вуліцу" мы рабілі проста таму, што хацелася ўсіх пераканаць, што можна займацца такога кшталту мастацтвам у Мінску і маляваць на будынках.
Сёлета мы зразумелі, што наш фестываль — гэта ўжо не проста нейкія даты, а працэс. Цяпер ён робіцца праз тры асноўныя прызмы: арт і мастацтва (памятаем, што гэта фэст урбан-арту), архітэктура і ўрбаністыка (усё звязанае з жыццём людзей у гарадах) і экалогія і ўстойлівае развіццё.
Графіцісты адмаўляюцца маляваць спрэямі
Цяпер у свеце стрыт-арту з'явілася тэндэнцыя, што графіцісты пачалі адмаўляцца маляваць спрэямі. Калі ў мінулыя гады мы замаўлялі вельмі шмат балончыкаў, то сёлета амаль палова мастакоў малюе акрылам і пэндзлямі, а спрэі выкарыстоўвае для дадавання эфектаў. Дарэчы, гэтым разам мы ўсім забаранілі выкідаць балончыкі — з іх, як і з банераў, будуць зробленыя аксэсуары. Гэта традыцыя нашага фэсту — усё рабіць так, каб не проста потым выкінуць і забыць, а перапрацаваць і пакінуць памяць.
Мурал — трохкутнік інтарэсаў
Працэс стварэння мурала і ўвогуле любога мастацкага твора ў публічнай прасторы — гэта заўсёды трохкутнік інтарэсаў. З аднаго боку, гэта мы — куратары і мастакі, з другога — уладальнік будынка, бо не кожны на сваім "твары" хоча маляваць. А трэці бок — гарадская адміністрацыя, бо ўсё, што адбываецца ў горадзе, мусіць праходзіць працэдуры ўзгаднення. Таму калі нават дзвюм інстанцыям спадабаецца, а трэцяй не — нічога не атрымаецца, як бы ты ні хацеў.
Мы не хочам кагосьці здзівіць, хочам здзівіць саміх сябе
Мастакі робяць на Vulica Brasil тое, чаго дагэтуль у сваім жыцці не рабілі. Напрыклад, самыя крутыя мастакі, якія да нас прыязджаюць, працуюць з новымі для іх формамі і памерамі сцен. Кожны нібыта пераўзыходзіць сябе ў гэтым праекце. І пакуль мы самі сябе здзіўляем, публіка таксама будзе здзіўляцца. Сёлета мы вырашылі рабіць закрыццё фестывалю цягам 24 гадзін. Пакажам, якая можа быць вуліца Кастрычніцкая, наша Vulica Brasil, і раніцай, і ў абед, і ўвечары, і ўначы.
Шэрыя беларускія сцены, канечне, уражваюць усіх
Нашы мастакі працуюць у зонах канфлікту, іх не напалохаеш ні надвор'ем, ні стаўленнем. Шэрыя беларускія сцены, канечне, уражваюць усіх, бо рэдка можна трапіць у горад, дзе няма графіці ці стрыт-арту, дзе пусценька і чысценька. Але найбольш іх уражвае наша гасціннасць і тое, што людзям, задзейнічаным у арганізацыі фэсту, не ўсё адно. Шмат хто з мастакоў кажа, што дагэтуль яны не мелі досведу калектыўнай працы. Яны не верылі, што гэта магчыма — маляваць з кімсьці. А ў Беларусі пачынаюць маляваць адну сценку разам з дзесяццю асобамі.
Мы не хочам паўтарацца
Магчыма, Vulica Brasil сыдзе на нейкі час на вакацыі пасля сёлетняга фестывалю, бо гэта таксама трэба. Мы не хочам паўтарацца. Я радая, што вакол фэсту стварылася крытычная маса творцаў з Беларусі і Бразіліі, якія пачынаюць разумець, як трэба ствараць. Таму спадзяюся, што ў будучыні мы не толькі будзем сядзець і на ўсё скардзіцца, але і ствараць крутыя рэчы.