МУС — пра адказнасць для "трафарэтчыкаў" за графіці з рэкламай наркотыкаў

МУС — пра адказнасць для "трафарэтчыкаў" за графіці з рэкламай наркотыкаў

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пракаментавала з'яўленне па ўсёй краіне графіці з рэкламай наркотыкаў. Сцены і слупы распісваюцца аб'явамі аб продажы наркотыкаў (назвамі акаўнтаў і каналаў у мэсэнджарах) і найманні кур'ераў. Міліцыя прызнае, што праблема датычыць не толькі сталіцы і абласных цэнтраў, але і раённых гарадоў. Сярод іх згадваецца Барысаў.

У паведамленні МУС адзначаецца, што існуе алгарытм рэагавання на з'яўленне графіці з рэкламай наркотыкаў. Калі міліцыя атрымлівае пра яе паведамленне, яно правяраецца, пачынаюцца пошукі зламысніка і адначасова ў камунальную службу накіроўваецца "сігнал" для аператыўнай ліквідацыі надпісу.

"Трафарэтчыкам" нагадваюць пра адміністрацыйную (штраф за наўмыснае пашкоджанне маёмасці — да 1275 рублёў) і нават крымінальную адказнасць: калі шкоду прызнаюць значнай, пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 2 гадоў; калі будзе даказаная датычнасць да распаўсюду наркотыкаў, пагражае ад 5 да 25 гадоў пазбаўлення волі (адказнасць пачынаецца з 14 гадоў).

У МУС спадзяюцца, што беларусы не будуць паддавацца на вярбоўку — на прапановы працы кур'ерам, закладчыкам, мінерам, трафарэтчыкам і г. д. Бо статыстыка сведчыць, што такая "праца" працягваецца лічаныя тыдні, а калі пашанцуе — месяцы. А пасля — затрыманне. Дылеры ведаюць пра гэта, і таму праводзяць такую масавую вярбоўку, адзначае міліцыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі