Міліцыянт даглядае службовага сабаку, у якога выявілі рак
Кранальную гісторыю сяброўства міліцыянта і службовага сабакі распавёў сайт Міністэрства ўнутраных спраў.
Кінолаг Вілейскага аддзела Дэпартамента аховы МУС прапаршчык міліцыі Андрэй Нарко па-сапраўднаму пасябраваў са службовай аўчаркай Руфі.
Мужчына выгадаваў з сямімесячнага шчаняці надзейнага памочніка ў забеспячэнні парадку ў горадзе. Разам яны служылі восем гадоў. У дзевяцігадовым узросце Руфі "адправілі на пенсію". Тады Нарко ўзяў аўчарку дадому, каб яна ахоўвала яго асабістую тэрыторыю, а таксама жонку з дачкой.
Праз некалькі гадоў такога жыцця ў сабакі выявілі рак. Ветэрынары прапаноўвалі ўсыпіць жывёлу, каб яна не пакутавала. Аднак сям'я Нарко вырашыла даглядаць Руфі. Міліцыянт нават навучыўся рабіць уколы, каб аблегчыць боль 12-гадовай аўчаркі.
На службе ў яго новая гадаванка — аўчарка Веста. "Так што я заўсёды спяшаюся на службу, таму што там мяне чакае Веста, а пасля дзяжурства спяшаюся дадому, дзе, па-шчанюковаму віляючы хвастом, сустракае Руфі", — кажа кінолаг.