Міліцыянты затрымалі не таго чалавека, а пасля абвінавацілі ў супраціўленні
У судзе мінчанцы Жанне Бразоўскай амаль удалося даказаць сваю невінаватасць.
— Сведка Паўлюшчык, вы бачылі, што грамадзянка Бразоўская крычыць і супраціўляецца, калі яе затрымлівалі людзі, якія назваліся міліцыянтамі?
— Так, бачыў. Яны валаклі яе ў машыну. Яна крычала, садзілася на зямлю. Прасіла дапамагчы.
— Чаму вы не дапамаглі?
— Дык... затопчуць жа.
— У якім сэнсе?
— Затопчуць. Гэта ж міліцыя. Паспрабуеш заступіцца за чалавека — яны затопчуць. Суддзя, вы чыталі, што было нядаўна з журналістам тут.бая? Паспрабаваў заступіцца — яго самога міліцыя пабіла проста ў судзе.
Цыганка
Гэтая не самая звычайная справа пачалася два месяцы таму, у снежні 2015 года. Оперупаўнаважаны Кастрычніцкага РУУС Мінска Вязовіч у цывільнай вопратцы на вуліцы Чкалава шукае падазраваную ў здзяйсненні некалькіх крадзяжоў цыганку. Прыкметы — доўгая спадніца, хустка, вялікія торбы. Шукае і раптам бачыць маладую жанчыну з цёмнымі валасамі. У руках торбы, спадніца доўгая. Вязовіч падыходзіць да яе і патрабуе назваць імя, хатні адрас. Дзяўчына з торбамі пужаецца, набірае нумар на дамафоне і знікае у пад’ездзе. Міліцыянт застаецца чакаць. А заадно выклікае дапамогу — старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах Голубева і старшага ўпаўнаважанага Налівайку. Абодва — яго калегі, працуюць у Кастрычніцкім РУУС.
Міліцыянты прыязджаюць на звычайным аўтамабілі без мігалак і міліцэйскай расфарбоўкі, але даволі хутка, за дзясятак хвілін. Чакаюць цыганку ўжо ўтраіх. Праз нейкі час яна з’яўляецца з жыхарамі адной з кватэр, паказвае на оперупаўнаважанага Вязовіча і кажа, што вось гэты невядомы чалавек спрабуе да яе прычапіцца.
Далей пачынаецца самае цікавае: праваахоўнікі паказваюць пасведчанні і меркаванай цыганцы, і сведкам, пасля чаго спрабуюць запакаваць яе ў сваю машыну. Цыганка падчас гэтага тэлефануе ў 102 і расказвае, што яе спрабуюць скрасці невядомыя людзі. А заадно кажа міліцэйскаму дыспетчару ў трубку, што яна ніякая не цыганка, а Жанна Бразоўская. Міліцыянтаў гэта мала хвалюе, Бразоўскую запакоўваюць і вязуць у РУУС у кайданках. Не дапамагае нават тое, што падазраваная ў крадзяжах паказвае свой пашпарт. У пастарунку яе трымаюць, па розных версіях, ад чатырох да пяці гадзін. За гэты час міліцыянты высвятляюць, што Жанна Бразоўская насамрэч Бразоўская, а не цыганка, і нічога ні ў каго не скрала. Таму вырашаюць затрыманую адпусціць. Але не проста так, а склаўшы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, якое выявілася ў супраціўленні супрацоўнікам міліцыі. Падчас затрымання дзяўчына сядала на зямлю, упіралася, крычала і нават укусіла аднаго з міліцыянтаў. Тлумачэнні Бразоўскай аб тым, што яна да апошняга не верыла, што яе затрымліваюць менавіта міліцыянты, а не бандыты, іх не пераканалі. Суд праходзіць у пачатку лютага.
Суд
На першае паседжанне выклікаюць міліцыянтаў. Прыходзяць усе трое. “Сядала на зямлю, упіралася нагамі, адмаўлялася з намі ехаць… Намі прымянілася фізічная сіла, трэба ж было пасадзіць яе ў машыну, яна адмаўлялася ехаць… старшага оперупаўнаважанага Налівайку ўкусіла. Але гэта не цялесныя пашкоджанні, мы іх не здымалі. Усё ж дзяўчына маладая, а ён вялікі мужык”, — расказвае на судзе оперупаўнаважаны Вязовіч.
Навошта яму была такая вялікая падмога, ці мелі права калегі Вязовіча ўдзельнічаць у затрыманні, чаму не складаўся пратакол аб затрыманні падазраванай — на ўсё гэта дакладнага адказу міліцыянт не дае. Кажа толькі, што ўбачыў доўгую спадніцу ў кратку і вялікія торбы. Таму вырашыў, што мае справу з цыганкай. Гаворыць, што “яны ўсе так ходзяць”. А пашпарт Бразоўская яму так толкам і не паказала. Не паспеў нават прозвішча ўбачыць.
Яшчэ цікавей праходзіць другое паседжанне, на якое суддзя пастанавіў выклікаць сведак здарэння. Іх было каля дзясятка чалавек — адчайныя крыкі дзяўчыны прыцягнулі ўвагу людзей. Галоўны сведка — Паўлюшчык. Гэта да яго ў дамафон званіла Жанна Бразоўская перад гвалтоўным затрыманнем. Бразоўская падпрацоўвае кур’ерам — развозіць цацкі. У тых самых вялікіх торбах, якія выклікалі падазрэнні ў оперупаўнаважанага Вязовіча. Сведка Паўлюшчык сваю версію падзей расказвае хвілін 15, гаворыць эмацыйныя і не самыя прыемныя для міліцыянтаў рэчы: “Яна прыйшла да нас у кватэру, аддала замову, а потым расказала, што нехта да яе прычапіўся на вуліцы, папрасіла выйсці разам з ёй. Мы выйшлі з дачкой. Там гэты адзін хлопец. Ён мне пасведчанне паказаў. А потым яшчэ два падышлі і пачалі яе хапаць і валачы ў машыну. Секунд 30 прайшло. Яна спрабавала пашпарт ім паказаць. Секунд 10-20 трымала яго разгорнутым, але міліцыянер ніякіх паметак не рабіў. Для яго гэта не грала ніякай ролі”.
Сведка Паўлюшчык расказвае, што супраціўляцца Бразоўская пачала, толькі калі яе павалаклі ў машыну. Гаворыць, што яна не паверыла, што гэта супрацоўнікі міліцыі, а не бандыты. “З ёй ніхто не спрабаваў размаўляць, тлумачыць нешта… Я лічу, што прымяненне сілы супрацоўнікамі міліцыі было неабгрунтаваным”, — кажа сведка. На гэтым моманце суддзя яго перарывае, знаходзіць у матэрыялах справы тлумачэнні Паўлюшчыка, дадзеныя міліцыі, і зачытвае іх. Карціна здарэння ў дакуменце зусім іншая, нашмат больш прыемная для міліцыянтаў. Паміж суддзёй і сведкам адбываецца забаўны дыялог:
— Сведка Паўлюшчык, гэта вашы словы?
— Не.
— Як не? Тут стаіць пазнака “з маіх словаў запісана правільна”. І ваш подпіс.
— Дык гэта не я пісаў, гэта міліцыянер сам пісаў.
— А навошта вы падпісаліся?
— Ведаеце, міліцыянт мне сказаў, што у іх праз гэтую справу пачаўся скандал. Нібы намеснік міністра нават загадаў разабрацца. І калі яны не залагодзяць справы, то ўсіх пазвальняюць. Паглядзеў, што хлопец нібы харошы. І падпісаў. Ён так прасіў мяне, так прасіў.
Завяршаецца разгляд справы Жанны Бразоўскай праслухоўваннем запісу яе званка па нумары 102, зроблены ў момант затрымання. На ім добра чуваць, што Бразоўская просіць дапамагчы, зрываецца на крык, дыктуе дыспетчару нумар машыны, у якую яе валакуць, называе свае пашпартныя дадзеныя. “Дапамажыце, дапамажыце, мяне затрымліваюць невядома за што! Мне замінаюць размаўляць, цягнуць у машыну!” — крычыць Бразоўская ў трубку. На гэтым запіс перарываецца.
Рашэнне суддзі
Адвакат Жанны Бразоўскай у заключным слове звяртае ўвагу суддзі адразу на некалькі момантаў. На тое, што сведчанні сведак-міліцыянтаў у выніковы пратакол былі ўнесеныя ўжо пасля таго, як Бразоўская яго падпісала. І на тое, што не быў складзены пратакол па справе затрымання падазраванай у здзяйсненні крадзяжоў цыганкі. А ў дадатак на тое, што ў паказаннях міліцыянтаў ёсць значныя несупадзенні, у тым ліку аб часе затрымання і вызвалення Бразоўскай. “Віна маёй падабароннай па адміністрацыйным пратаколе не даказаная”, — лічыць адвакат.
Нячасты выпадак, але суддзя фактычна пагаджаецца з адвакатам і 10 лютага абвяшчае сваё рашэнне — накіраваць міліцэйскі пратакол на дапрацоўку. Праўда, ужо 15 лютага сканчаецца тэрмін даўнасці. А значыць, у пакрыўджаных Жаннай Бразоўскай міліцыянтаў з Кастрычніцкага РУУС застаецца ўсяго тры дні, каб нанова абгрунтаваць свае крыўды. Амаль нерэальна.