На пытнні Еўрарадыё пра адукацыю на беларускай мове падчас прамой тэлефоннй лініі адказала намесніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка:
Еўрарадыё: Як зрабіць, каб школы з беларускай мовай навучання былі ў крокавай даступнасці ― да прыкладу, у мяне няма магчымасці вазіць дачку праз увесь горад штодня?
Раіса Сідарэнка: Вы ж ведаеце, што класы адчыняюцца па заявах бацькоў. У крокавай даступнасці ― безумоўна, адразу вырашыць гэтую праблему вельмі цяжка. Знайсці школу, якая знаходзіцца не так далёка, ці да якой не так цяжка дабірацца ― гэта прасцей. Вы звярталіся ў аддзел адукацыі?
Еўрарадыё: Мяне абурае пастаноўка пытання, што гэта я павінен шукаць сярод бацькоў аднадумцаў, каб у школе побач з домам быў створаны беларускамоўны клас.
Раіса Сідарэнка: Вы не павінны!
Еўрарадыё: А як інакш? Чаму школы ў нас ад пачатку рускамоўныя, а не беларускамоўныя? Хай тыя, хто хоча, каб іх дзеці вучыліся па-руску, збіраюць свой клас.
Раіса Сідарэнка: У нас ёсць рускамоўныя і беларускамоўныя школы. Калі вы паступалі ў сваю школу, вы пісалі заяву на беларускамоўную адукацыю?
Еўрарадыё: Пісаў. І нам параілі сабраць сярод бацькоў дзяцей-аднагодкаў пэўную колькасць аднадумцаў, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску.
Раіса Сідарэнка: Вам далі няправільны адказ. Ёсць некалькі варыянтаў: ці індывідуальнае навучанне па індывідуальным плане вашага дзіцяці, ці вам маглі прапанаваць суседнюю школу, дзе адчыняецца беларускамоўны клас. Гэта пытанне аддзела адукацыі ― не вы павінны збіраць бацькоў. Мы будзем звязвацца з аддзелам адукацыі, вывучаць сітуацыю…
Еўрарадыё: Такім чынам, бацькі могуць звярнуцца ў свой аддзел адукацыі…
Раіса Сідарэнка: І яны павінны аказаць дапамогу.
Еўрарадыё: Каб толькі не атрымалася так, што ў так званых беларускамоўных садках ці школах па-беларуску кажуць толькі “Добрай раніцы” і “Да пабачэння”…
Раіса Сідарэнка: Магчыма, ёсць і такая сітуацыя ў дзіцячым садку. Але ж ёсць цудоўныя прыклады беларускамоўных груп, дзе і выхавацелі, і загадчыца садка па-беларуску добра размаўляюць. І ў рускамоўных садках аб’яўляюць дзень беларускай мовы, калі на беларускай мове размаўляюць усе. Сказаць, што наогул усё вельмі дрэнна… Я лічу, што гэта не так. Колькасць дзіцячых садкоў, беларускіх груп на беларускай мове павялічваецца. Прычым, значна павялічваецца.
Еўрарадыё: Вось толькі практычна ўсе новыя школы, што адчыняюцца, ад пачатку ствараюцца як рускамоўныя…
Раіса Сідарэнка: Бо няма адпаведнага запыту з боку бацькоў. Калі не было запыту ― не было і пытання. У Мінску ёсць і гімназіі беларускамоўныя. І ў некаторых з іх напоўненасць класаў значна меншая, чым у рускамоўных гімназіях і школах. Тут усё залежыць ад бацькоў і іх пазіцыі. А адукацыя, безумоўна, будзе слухаць бацькоў.
Еўрарадыё: Мы кажам пра роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, але я не бачу роўнасці ў колькасці беларускамоўных і рускамоўных школ.
Раіса Сідарэнка: Ёсць магчымасць адчыняць як рускамоўныя, так і беларускамоўныя класы, школы, дзіцячыя групы, дзіцячыя садкі. А далей усё вырашае сам чалавек.
Еўрарадыё: Дзе гарантыя, што раённыя аддзелы адукацыі пойдуць насустрач беларускамоўным бацькам?
Раіса Сідарэнка: Яны павінны пайсці насустрач і абавязкова прапанаваць вам нейкія варыянты.