Мінчанін пераехаў жыць у Столін, каб вырошчваць каноплі (фота)
У Мінску затрымалі 43-гадовага беспрацоўнага мужчыну, які прадаваў марыхуану з самастойна вырашчаных канопляў. 25 студзеня яго ўзялі спецназаўцы акурат падчас сустрэчы з кліентам. Як выявілася, гэты мужчына даўно займаўся вырошчваннем сыравіны для наркотыкаў. У сталіцы ён двойчы трапляў у поле зроку праваахоўнікаў у сувязі з незаконнымі дзеяннямі з наркотыкамі. Каб болей не “свяціцца”, ён вырашыў пераехаць у іншы горад і там займацца “раслінаводствам”.
Ён перабраўся ў Столін, зняў там кватэру, дзе вырошчваў каноплі. Гатовы прадукт ён потым прывозіў у Мінск для сталых кліентаў. Сустрэча з пакупніком на вуліцы Пензенскай і скончылася сутыкненнем з міліцыяй. Прадавец перадаў яму 5 грамаў марыхуаны за 600 тысяч рублёў, пасля чаго абодвух затрымалі. Падчас затрымання ў прадаўца знайшлі яшчэ каля 20 грамаў марыхуаны.
Затым міліцыя наведалася ў столінскую арандаваную кватэру наркагандляра і знайшла там абсталяванне, прызначанае для поўнага цыклу вытворчасці марыхуаны. 22 кусты раслінаў канфіскаваныя.
На прадаўца і пакупніка завялі крымінальныя справы за незаконны абарот наркотыкаў, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.