Мінчук атрымліваў па пошце з замежжа лісты з псіхатропамі
Мінчук атрымліваў па пошце з замежжа лісты з псіхатропамі. У адносінах 26-гадовага мужчыны распачалі крымінальную справу.
Як інфармуе агенцтва "Мінск-навіны", схему перасылкі моцнадзейных псіхатропных рэчываў у міжнародным паштовым адпраўленні выявілі супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні. Як кажа інспектар яе аддзела ідэалагічнай працы Таццяна Ліннік, у лісце, які прыйшоў жыхару сталіцы, выявілі лізэргід (ЛСД, ЛСД-25). Беларус прызнаўся, што сам прыдумаў схему. У інтэрнэце ён пазнаёміўся з замежнікам, з якім і дамовіўся пра перасылку праз пошту наркотыка. У лістах былі маркі, прасякнутыя псіхатропамі.
Пасля чарговага атрымання маладым чалавекам паштовай карэспандэнцыі яго затрымалі. Мытнікам вядома пра 25 марак з псіхатропамі, якія атрымаў мінчук. Па месцы яго жыхарства выявілі цэлы "наркатычны арсенал", у тым ліку і рэчыва, якое падобнае на гашыш. У адносінах мужчыны распачалі крымінальную справу.