Мінчук трапіў у аўтааварыю пад Баранавічамі, пацярпела 4-гадовая дзяўчынка
42-гадовы мінчук трапіў у аўтааварыю ў Баранавіцкім раёне. Здарэнне адбылося пасля 12-й гадзіны раніцы 7 сакавіка на аўтадарозе Баранавічы — Ляхавічы. Як інфармуе прэс-служба ДАІ Брэсцкай вобласці, мінчук на аўтамабілі "Форд Эскорт" на скрыжаванні з аўтадарогай Асіповічы — Баранавічы парушыў правілы праезду нерэгуляванага скрыжавання, у выніку чаго адбылося сутыкненне з "Пежо 307", якому ён мусіў прадаставіць перавагу ў руху. Апошнім легкавіком кіравала 32-гадовая жыхарка вёскі Лаўрыновічы.
У выніку аўтааварыі кіроўца "Форда" атрымаў закрытыя траўмы грудной клеткі, жывата, пашкоджанне селязёнкі. Яго з салона разбітага аўтамабіля вызвалілі ратавальнікі. Мужчыну шпіталізавалі ў гарадскую бальніцу ў Баранавічах. 4-гадовая дзяўчынка, якая знаходзілася на заднім пасажырскім сядзенні, на каленях у маці, атрымала некалькі траўмаў, у тым ліку і закрыты пералом абедзвюх костак правай галёнкі. Пасля аказання медыцынскай дапамогі яе адпусцілі з маці.
Па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіцца праверка. Як стала вядома, кіроўца "Форда" раней 7 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.