Мінчук згвалтаваў і забіў суседку па інтэрнаце
Забойства суседкі па інтэрнаце, следчы эксперымент
Следчы камітэт выявіў абставіны жорсткага забойства 28-гадовай дзяўчыны ў адным з інтэрнатаў Мінска.
24 траўня мінчанка знікла, яе муж падаў заяву ў міліцыю. Ён паведаміў, што апошні раз бачыў жанчыну зранку перад сыходам на працу. Вярнуўшыся дадому, ён выявіў у пакоі яе асабістыя рэчы, якія сведчылі, што на вуліцу жонка не выходзіла.
Цела жанчыны з ранамі і сінякамі знайшлі ў суседнім жылым пакоі. Па падазрэнні ў забойстве міліцыянты затрымалі 32-гадовага мужчыну, які пражывае ў гэтым жа інтэрнаце.
Як выявіла следства, у той дзень мужчына, маючы ключ, забраўся ў адзін з пакояў, каб скрасці каштоўныя рэчы, але беспаспяхова. Тады ён пагрукаўся ў дзверы суседняга пакоя, яму адчыніла 28-гадовая жыхарка. Пад нагодай праверкі пажарнага апавяшчальніка мужчына зайшоў у пакой, дзе стаў схіляць суседку да блізкасці. Калі яна адмовіла, ён паваліў яе на падлогу, стаў душыць і біць. Потым перацягнуў жанчыну ў суседні пакой, дзе згвалціў і задушыў яе.
Перад сыходам нападнік зняў з загінулай залатыя ўпрыгожанні і прадметы адзення, а цела паспрабаваў схаваць. Потым пайшоў на працу, дзе паводзіўся як звычайна.
Следчыя выявілі, што мужчына мае паталагічную цягу да азартных гульняў, праз што меў фінансавыя цяжкасці. У той дзень ён хацеў скрасці чужую маёмасць, каб прадаць і зноў гуляць. Паводле высновы экспертаў, абвінавачаны мае алкагольную залежнасць і напярэдадні здарэння ўжываў спіртное. Мужчына раней не судзімы, жанаты.
Цяпер ён знаходзіцца пад вартай. Яму выставілі абвінавачанне па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку забойства з асаблівай жорсткасцю і згвалтаванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.