Мужчыну, асуджанага за забойства журналісткі Паліткоўскай, памілавалі
Акцыя памяці Ганны Паліткоўскай
Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін памілаваў аднаго з мужчын, асуджаных за забойства расійскай журналісткі Ганны Паліткоўскай, піша ВВС.
Гаворка ідзе пра былога супрацоўніка маскоўскай паліцыі Сяргея Хаджыкурбанава. Ён быў адным з пяцярых чалавек, якіх расійскі суд назваў вінаватымі ў забойстве журналісткі-даследчыцы.
Дагэтуль не выявілі, хто замовіў забойства Паліткоўскай. Хаджыкурбанава прызналі вінаватым у "матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні" злачынства. Але як байцу спецназа яму прапанавалі падпісаць кантракт з расійскім войскам і адправіцца на вайну ва Украіну.
"Калі тэрмін кантракту скончыўся, ён быў памілаваны ўказам прэзідэнта", — расказаў ягоны адвакат.
Паліткоўская была значным крытыкам расійскай вайны ў Чачні. Яе застрэлілі ў ліфце ўласнага шматкватэрнага дома. Яе рэпартажы для "Новай газеты" атрымалі міжнародную вядомасць. У сваіх артыкулах яна рэзка крытыкавала Уладзіміра Пуціна, у якога тады ішоў другі прэзідэнцкі тэрмін, а таксама чачэнскае кіраўніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.