Мінэканомікі: рост ВУП сёлета трымаецца на будаўніцтве і гандлі

Мінэканомікі: рост ВУП сёлета трымаецца на будаўніцтве і гандлі

Беларускія ўлады не плануюць змяняць прагноз па росце ВУП на 4% па выніках 2019 года. З такой заявай міністр эканомікі Дзмітрый Крутой выступіў у праграме "Галоўны эфір" тэлеканала "Беларусь 1".

Чыноўнік прызнаўся, што за першую палову года ўдалося дасягнуць толькі 50% ад запланаваных паказчыкаў. 

"Па першым паўгоддзі прагназаваўся рост на 1,8%, па факце атрымалася 0,9% у тых складаных знешніх умовах, у якіх мы апынуліся, асабліва ў апошнія месяцы. Якасныя параметры росту нашай эканомікі перавыкананыя. Гэта і інфляцыя ніжэй за вызначаныя заданні, і аб'ём прамых замежных інвестыцый — мы ўжо практычна 1 мільярд долараў маем па выніках пяці месяцаў, і выкананне задання ў 1,6 мільярда долараў па годзе праглядаецца. Але колькасныя параметры — ВУП і экспарт — не дасягнулі сваіх значэнняў", — падзяліўся падрабязнасцямі Крутой. Па яго словах, найлепшыя паказчыкі ў першым паўгоддзі — у будаўніцтве. Таксама на 5,5% вырас рознічны гандаль.

Міністр спадзяецца, што сельская гаспадарка палепшыць паказчыкі: у Беларусі неблагія віды на ўраджай. "На нашую думку, гэтая галіна можа вярнуцца да тых прагнозных паказчыкаў, якія раней планаваліся", — дадаў Крутой.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі