Мінінфарм Беларусі абмежаваў доступ да сайта sputnikipogrom.com
Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да расійскага сайта sputnikipogrom.com. Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў матэрыялы, размешчаныя на ім, экстрэмісцкімі.
Як адзначае прэс-служба Мінінфарма, рашэнне суда было прынятае з улікам экспертнага заключэння Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на наяўнасць у ёй праяваў экстрэмізму. На сайце sputnikipogrom.com знайшлі інфармацыю, якая распальвае нацыянальную варажнечу або рознь, прапагандуе перавагу альбо непаўнавартаснасць, "на падставе іх нацыянальнай або моўнай прыналежнасці, а таксама гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь".
Таксама Міністэрства інфармацыі Беларусі ў студзені 2017-га прыняло рашэнне аб абмежаванні доступа да шэрагу іншых інтэрнэт-рэсурсаў. Два з іх утрымлівалі матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў (паведамленне было атрымана з МУС). Яшчэ адзін сайт распаўсюджваў неналежную рэкламу прэпарата DiabetNot, доступ да яго таксама абмежаваны на падставе пісьмовага паведамлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.