Міністр фінансаў звінаваціў беларусаў у куплі долараў, што цісне на эканоміку
У доларавым ціску на эканоміку Беларусі вінаватыя грамадзяне, якія купляюць валюту на чорны дзень. Пра гэта міністр фінансаў Юрый Селіверстаў заявіў у інтэрв'ю радыё "Мір".
"Ціск долара, у першую чаргу, у нас сфармаваны спажывецкімі чаканнямі, у асноўным, грамадзян. Таму, што тавараабарачэнне ў нас заўсёды было вялікае — больш за 30 мільярдаў долараў, і ўсім прамысловым прадпрыемствам валюты хапала заўсёды. Пытанне ў тым, што грамадзяне хацелі на ўсялякі выпадак, на чорны дзень скупіць пабольш наяўнай замежнай валюты. Так, такі ціск адчуваўся. Па прадпрыемствах такіх пытанняў не было", — заявіў чыноўнік.
З канца лютага валютны курс у Беларусі "ліхаманіла" пасля ўвядзення заходніх санкцый, звязаных з расійскай вайной ва Украіне. Як бачна, віну за гэта ўлады традыцыйна вырашылі перакласці на грамадзян.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.