“Міністрамі-замежнікамі Кіеў дае сігнал ЕС, што гатовы да рэформ”

Трое замежнікаў сталі міністрамі ў новым урадзе Украіны. Міністрам фінансаў — грамадзянка ЗША Наталля Ярэська, міністрам эканомікі — літовец Айварас Абрамавічус, аховы здароўя — грамадзянін Грузіі Аляксандр Квіташвілі. Што стаіць за гэтым прызначэннем, цікавіцца Еўрарадыё.

Прызначэнне ва ўкраінскі Кабмін замежнікаў не было адказам на патрабаванні, да прыкладу, Еўрасаюза, сцвярджае ўкраінскі палітолаг Косць Бандарэнка. Усё больш заблытана…

Косць Бандарэнка: “Калі браць эканамічны блок, то фактычна пад амерыканскі ўплыў аддадзена ўкраінская фінансавая сістэма і эканоміка. Вялікая інфляцыя, фактычна знікненне золата-валютных рэзерваў, грыўна ад пачатку года патаннела ў два разы — гэта ўжо насцярожвае партнёраў украінскага кіраўніцтва ў Злучаных Штатах. Ствараецца ўражанне, што Украіне проста сказалі: “Калі вы самі не можаце разабрацца са сваімі фінансамі, то мы будзем вырашаць вашы пытанні самі”.

              Наталля Ярэська,

Яшчэ больш цікавая сітуацыя з прызначэннем на пасаду міністра аховы здароўя Украіны былога міністра аховы здароўя і сацыяльнай абароны Грузіі Аляксандра Квіташвілі. Суразмоўца Еўрарадыё прыгадвае, што кіраўнік Украіны Пётр Парашэнка вучыўся разам з экс-кіраўніком Грузіі Міхаілам Саакашвілі і нават прапаноўваў яму стаць першым віцэ-прэм’ерам украінскага ўрада. Той адмовіўся, але “дэлегаваў” свайго былога міністра ва Украіну.

Косць Бандарэнка: “Грузінскі варыянт медыцынскай рэформы не з’яўляецца дасканалым і ідэальным — на постсавецкай прасторы ёсць прыклады больш паспяховага правядзення медыцынскіх рэформ. У Малдове больш паспяховы варыянт, і нават у Расіі ён лепшы, чым у Грузіі. І таму акурат гэта прызначэнне выклікае самыя вялікія спрэчкі”.

              Аляксандр Квіташвілі.

І гэта пры тым, што, сцвярджае Бандарэнка, у краіне шмат сваіх годных на такія пасады людзей. Палітолаг называе гэтыя прызначэнні палітычнымі. З чым згодны і кіраўнік цэнтра грамадскіх даследаванняў “Украінскі мерыдыян” Дзмітрый Левусь.

Дзмітрый Левусь: “Відавочна, што ва Украіне можна было знайсці дастаткова прафесіяналаў. Але найперш гэта знак для Еўропы, які паказвае, што Украіна гатовая да зменаў і рэформ. Бо сур’ёзна верыць, што прызначэнне ўсяго некалькіх чалавек, хай і ў ключавыя міністэрствы, дазволіць ім правесці рэвалюцыйныя змены і запусціць рэформы, не даводзіцца. Гэта разумеюць і на Захадзе, і ва Украіне. Але гэта — знак для Еўрасаюза”.

Прызначэнне выклікала шмат пытанняў тэхнічнага характару да новых міністраў, заўважае Косць Бандарэнка. Найперш эксперт адзначае тое, што ім “цягам адной ночы далі ўкраінскае грамадзянства, і ў парушэнне працэдуры ў вельмі кароткі час былі праведзеныя ўсе неабходныя праверкі і ўзгадненні”. І калі Квіташвілі і Абрамавічус, прыняўшы ўкраінскае грамадзянства, страцілі пашпарты Грузіі і Літвы адпаведна, то што з амерыканскім грамадзянствам Ярэська – невядома, а па ўкраінскім заканадаўстве займаць кіруючыя пасады нельга, маючы некалькі пашпартоў. Яшчэ адно абавязковае патрабаванне да чыноўнікаў — веданне ўкраінскай мовы. Ёсць і яшчэ адна асцярога, разважае Бандарэнка:

“Узнікаюць пытанні адносна кантракта: якія ў іх будуць заробкі, якія ўмовы іх працы. Бо афіцыйныя заробкі міністраў ва Украіне не вельмі высокія — каля 3 тысяч долараў. Я не думаю, што топ-менеджары, якіх запрашаюць і якія зарабляюць у 5, а то і 10 разоў больш, пагадзіліся на гэтыя афіцыйныя заробкі”.

Наталля Ярэська кіравала такімі буйнымі інвесткампаніямі, як Western NIS Enterprise Fund і Horizon Capital, Айварас Абромавічус — саўладальнік і топ-менеджар шведскай інвесткампаніі East Capital. І толькі Аляксандр Квіташвілі вярнуўся ў міністры з пасады рэктара Тбіліскага дзяржуніверсітэта імя Іванэ Джавахішвілі.

          Айварас Абрамавічус

Застаецца яшчэ пытанне: наколькі самастойныя ў сваіх рашэннях будуць замежныя міністры, ці дадуць ім рабіць запланаваныя рэформы.

Косць Бандарэнка: “Ім, найхутчэй, дадуць карт-бланш на стварэнне сваёй каманды. Пытанне ў тым, наколькі будзе працаздольнай тая каманда ў тых жорсткіх умовах, якія цяпер стварыліся ва Украіне”.

З тым, што новыя міністры будуць залежаць ад уплыву ўкраінскага палітыкуму і ўкраінскай эканомікі, згодны і Дзмітрый Левусь. Да ўсяго, Наталлю Ярэська і Айвараса Абрамавічуса складана абвінаваціць у няведанні ўкраінскіх рэалій: першая жыве і працуе ва Украіне ўжо 20 гадоў, другі не толькі жыве там апошнія 10 гадоў, але і жанаты на ўкраінцы. Тым не менш, іх замежныя пашпарты і праца ў неўкраінскіх структурах павінны спадабацца ЕС і ЗША.

Фота: http://lb.ua/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі