Мінкульт атрымаў 26 заявак на конкурс па помніку ў Курапатах
За час правядзення конкурсу на помнік у Курапатах Міністэрства культуры атрымала 26 заявак. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным адказе за подпісам першай намесніцы міністра Ірыны Дрыгі, які атрымала Еўрарадыё.
Усе заяўкі пададзеныя ананімна.
"Разам з тым, у Міністэрства культуры на працягу правядзення конкурсу паступалі звароты грамадзян з альтэрнатыўнымі прапановамі па пытанні мемарыялізацыі ўрочышча "Курапаты" і просьбамі вынясення на грамадскае абмеркаванне пытання ўстаноўкі мемарыяла", — гаворыцца ў адказе.
Паколькі спрэчныя пытанні, узнятыя грамадскасцю, патрабуюць больш часу для асэнсавання, гаворыцца ў дакуменце, Мінкульт прапанаваў, каб пададзеныя на конкурс праекты разгледзела спецыяльна створаная грамадская працоўная група.