Мінкульт папрасіў Саюз беларускіх пісьменнікаў даказаць, што гэта творчы саюз

Мінкульт папрасіў Саюз беларускіх пісьменнікаў даказаць, што гэта творчы саюз

20 лютага на сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў абрушваецца, як гром пасярод яснага неба, навіна: Мінкульт не ўключае пісьменніцкую арганізацыю, заснаваную Купалам і Коласам, у пералік творчых саюзаў. Саюз кампазітараў, мастакоў, фатографаў, дызайнераў, Саюз пісьменнікаў Беларусі ў спісе ёсць, а Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябрамі якога з'яўляюцца Святлана Алексіевіч, Віктар Марціновіч, Анатоль Бутэвіч, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Арлоў ― няма! А гэта значыць, што беспрацоўныя сябры саюза становяцца дармаедамі.


У той жа дзень кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў публікуе заяву і дасылае ліст на імя міністра культуры Барыса Святлова з просьбай вярнуць арганізацыі творчы статус. У размове з Еўрарадыё старшыня саюза Барыс Пятровіч прызнаецца, што ён чакае званка міністра.


І вось 23 лютага Барысу Пятровічу тэлефануе не міністр, а яго першая намесніца Ірына Дрыга. Па словах літаратара, Ірына Уладзіміраўна просіць прабачэння, што не адразу зрэагавала на ліст.

Мінкульт папрасіў Саюз беларускіх пісьменнікаў даказаць, што гэта творчы саюз

"Яна сказала, што ёй патрэбная дадатковая інфармацыя — патрэбная даведка аб дзейнасці Саюза беларускіх пісьменнікаў паводле Артыкула 59 Кодэкса Аб культуры. Мы прадаставілі пасведчанне аб рэгістрацыі Мінюста, наш статут, дзе першым пунктам прапісана, што мы з'яўляемся творчай прафесійнай пісьменніцкай арганізацыяй, і даведку аб дзейнасці арганізацыі ў апошнія гады, падрабязную інфармацыю".


У адпаведнасці з Дэкрэтам №3, Мінкульт мусіць скласці спіс творчых саюзаў цягам паўгода пасля яго набыцця ім моцы (то бок, амаль паўтара гады таму). Але самаму культурнаму міністэрству патрэбна на вызначэнне творчых саюзаў ажно 668 дзён! І тым не менш справіцца з задачай у чыноўнікаў на 100% не атрымліваецца: у спіс з 13-ці саюзаў трапляе... неіснуючы саюз "Фотамастацтва" (арганізацыя з кастрычніка 2016-га года называецца Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў), а пра Саюз беларускіх пісьменнікаў міністэрства, назавем гэта, “забывае”! А, цяпер, каб выкруціцца з няёмкай сітуацыі, просіць у пісьменнікаў нейкія дадатковыя паперы, хаця нічога падобнага кіраўнікі іншых арганізацый, якія патрапілі ў пералік творчых саюзаў, не дасылалі.

 

Мінкульт папрасіў Саюз беларускіх пісьменнікаў даказаць, што гэта творчы саюз

"З Саюза мастакоў мы нічога не дасылалі, таму што мы, як кажуць, апрыёрна, заўсёды былі творчым саюзам, — распавядае Еўрарадыё старшыня Беларускага Саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які з'яўляецца і сябрам "апальнага" Саюза беларускіх пісьменнікаў. —  Законы аднолькавыя для ўсіх, і аднолькавая рэгістрацыя ва ўсіх саюзаў. Я перакананы, што гэта выключна палітычнае рашэнне, ці ў лепшым выпадку элементарная памылка па недаглядзе. А ўвогуле, гэта абуральна. Думаю, яны самі зразумелі, што "уляцелі". Гэта пяць гадоў таму можна было так улятаць. А цяпер сітуацыя змянілася. Яны могуць атрымаць па шапцы: элементарна падай у суд, а ўсе законы будуць на баку Саюза беларускіх пісьменнікаў".


Даведацца ад Міністэрства культуры, чаму яно не ўключыла ў пералік творчых саюзаў Саюз беларускіх пісьменнікаў, пакуль не атрымліваецца. Вядома толькі, што Барыс Пятровіч папрасіў Ірыну Дрыгу прыняць рашэнне да чарговага з'езду Саюза беларускіх пісьменнікаў, які адбудзецца 4 сакавіка.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі