Пісьменнікам, якіх Мінкульт палічыў дармаедамі, не трэба плаціць за 2015 год
Сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, якія ў 2015-м годзе нідзе не працавалі, не мусяць плаціць падатак на дармаедства. Пра гэта Еўрарадыё кажуць у адной з падатковых інспекцый Мінска:
“На момант 2015 года Саюз беларускіх пісьменнікаў не выключылі з пераліку творчых саюзаў. Таму за 2015 год трэба ўзяць даведку аб тым, што вы былі сябрам саюза. Гэтага будзе дастаткова”.
17 лютага стала вядома, што Міністэрства культуры раптам не ўключыла ў спіс творчых саюзаў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Адпаведна, афіцыйна непрацаўладкаваныя сябры гэтай буйной пісьменніцкай арганізацыі сталі “дармаедамі”. З чым звязанае такое рашэнне міністэрства, застаецца таямніцай.
Праўда, да 17 лютага ніякага пераліку творчых саюзаў не існавала. Пра тое, што Саюз беларускіх пісьменнікаў — арганізацыя творчая, пазначана ў статуце арганізацыі, зарэгістраваным Міністэрствам юстыцыі.
“У Дэкрэце №3 сказана, што творчыя саюзы вызваляюцца ад падатку на дармаедства. І аўтаматычна лічылася, што наш саюз вызваляецца ад гэтага падатку”, — тлумачыць старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Цяпер незразумела, калі дзяржава палічыла незалежны саюз пісьменнікаў (а яго сябрамі з’яўляюцца Святлана Алексіевіч, Віктар Марціновіч, Адам Глобус, Ігар Бабкоў і іншыя) не творчым саюзам — трэба мяняць статут? То бок, праходзіць перарэгістрацыю ў Мінюсце. Рабіць гэтага літаратары не збіраюцца.
На пытанне Еўрарадыё, што будзе з пісьменнікамі ў 2017 годзе, у падатковай прапанавалі не хвалявацца загадзя і пачакаць, “бо невядома, што там будзе далей з Дэкрэтам №3”.