Мінпрацы плануе скараціць спіс забароненых для жанчын прафесій

Мінпрацы плануе скараціць спіс забароненых для жанчын прафесій

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны плануе скараціць спіс забароненых для жанчын прафесій, якіх сёння ў Беларусі 181. Пра гэта ў адказе на запыт Еўрарадыё паведаміў намеснік міністра Аляксандр Румак.   

Паводле слоў Румака, чакаецца атэстацыя шэрагу прафесій. Калі наяўнасць шкодных умоў не пацвердзіцца, прафесіі будуць выключаныя са спіса. Да таго ж дакумент будзе аптымізаваны з “улікам выкарыстання сучасных тэхналогій у працоўных працэсах, укаранення новых бяспечных (менш небяспечных) тэхналогій, выкарыстання сучасных сродкаў індывідуальнай абароны”.

Таксама Мінпрацы і Мінздароўя плануюць прааналізаваць існуючыя абмежаванні і рэальны стан умоў працы, абсталявання, тэхналогій, што можа гэтаксама адкрыць жанчынам шлях у шэраг пакуль забароненых прафесій.

Аляксандр Румак падкрэслівае, што на дадзены момант цалкам адмяніць спіс немагчыма:

“Бо яго захоўванне адпавядае прыярытэту дзяржавы па абароне здароўя рабочых, перш за ўсё жанчын, на фоне існуючай дэмаграфічнай сітуацыі”.

Мінпрацы: жанчынам забараняюць працаваць для аховы мацярынства

Апошні раз спіс забароненых для жанчын прафесій, які дастаўся сучаснай Беларусі ў спадчыну ад Савецкага Саюза, скарачаўся ў 2014 годзе. З 252 прафесій забароненай засталася 181. Тады, напрыклад, жанчынам дазволілі выконваць шэраг работ у горназдабыўной прамысловасці.

У 2015 годзе ААН парэкамендавала нашай краіне скараціць пералік. Але ўлады кажуць, што спіс патрэбны, каб пазбегнуць кепскага ўздзеяння шкодных умоў працы на арганізм жанчыны, “асабліва ў фертыльным узросце”, і неабходны для аховы мацярынства. 

Аляксандр Румак нагадвае, што пры стварэнні дакумента ўлічваліся вынікі шматгадовых даследаванняў, якія праводзіла сістэма аховы здароўя. Ён мяркуе, што пералік не з’яўляецца дыскрымінацыйным, і тлумачыць чаму:

Мінпрацы плануе скараціць спіс забароненых для жанчын прафесій

“Жаночы арганізм, у сілу сваёй меншай здольнасці да адаптацыі, спраўляецца са шкоднымі ўмовамі працы горш, чым мужчынскі (напрыклад, празмерная фізічная нагрузка ў становішчы стоячы прыводзіць да апускання ці выпадзення жаночых палавых органаў; пераахаладжэнне ва ўмовах працы правакуе развіццё запаленчых рэакцый у органах малога таза, у тым ліку ў матцы, яечніках і прыдатках, матачных трубах; канцэрагенныя фактары і іанізуючае выпраменьванне могуць прывесці да развіцця анкалагічных захворванняў жаночых палавых органаў і малочных залоз; манатонная праца, начныя змены, уздзеянне шуму і вібрацыі прыводзяць да нагрузак на нервовую сістэму, у сувязі з чым маюць месца парушэнні менструальнага цыкла, выкідышы і бясплоддзе), — нагадвае намеснік міністра. — Рэпрадуктыўная сістэма жанчыны больш уразлівая і менш лабільная да неспрыяльных і таксічных уздзеянняў, паколькі дзяўчынка ўжо нараджаецца з пэўным наборам яйцаклетак, якія не аднаўляюцца, у адрозненне ад мужчынскай рэпрадуктыўнай сістэмы (аднаўленне сперматазоідаў адбываецца цягам 72 гадзін), і сістэмнае ўздзеянне неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны нясе больш значныя наступствы”.

Жанчыны хочуць самі вырашаць, дзе ім працаваць

Тым часам у верасні стартуе ініцыятыва All jobs for all women in Belarus, якую запускае Беларуская арганізацыя працоўных жанчын і якая накіраваная на поўную адмену спіса забароненых для жанчын прафесій. Удзельніцы Беларускай арганізацыі працоўных жанчын перакананыя, што краіна, якая імкнецца да мэт устойлівага развіцця (сярод якіх — гендарная роўнасць, годная праца і эканамічны рост), павінна звярнуць увагу на ўразлівасць беларусак на рынку працы. Маўляў, прыход жанчын у мужчынскія прафесіі не толькі палепшыць прадукцыйнасць працы, але і ліквідуе дыскрымінацыю па эканамічнай прыкмеце. Бо большасць беларусак сёння вымушаны здавольвацца нізкааплатнай працай у бюджэтных сферах. Паводле звестак Белстата за снежань 2018 года, зарплата жанчын у Беларусі на 27,3% меншая, чым у мужчын.

Што датычыцца “аховы рэпрадуктыўнага здароўя”, мяркуюць сяброўкі БАПЖ, жанчына не можа быць цяжарнай усё жыццё, а многія ўвогуле не хочуць дзяцей. Але самае галоўнае, упэўненыя ў Беларускай арганізацыі працоўных жанчын, што ніхто, нават з найлепшых памкненняў, не мусіць вырашаць за жанчыну, дзе ёй працаваць.

У сваю чаргу, дэпутатка Вольга Палітыка лічыць, што дзяржава мусіць памятаць і пра здароўе мужчын:

“Паляпшэнне ўмоў працы — гэта павінна быць асноўная задача ўсіх працадаўцаў. Усіх. Каб мужчыны і жанчыны захоўвалі сваё здароўе, выконваючы працоўныя функцыі”.

У 2017 годзе Украіна цалкам адмяніла спіс з 450 забароненых для жанчын прафесій. Працаваць дальнабойшчыцамі, машыністамі метро, вадалазамі з 2021 года змогуць і расіянкі: Мінпрацы РФ перагледзела пералік працаў, якія забаронена выконваць жанчынам, і скараціла яго з 456 да 98.

Фота Аляксандра Румака: www.mintrud.gov.by

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі