Мінпрацы вызначыла, колькі гадзінаў беларусы павінны адпрацаваць у 2017 годзе
Міністэрства працы вызначыла разліковую норму працоўнага часу на 2017 год. Гэтая норма замацаваная пастановай ведамства ад 5 кастрычніка 2016 года №54, якая апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Такім чынам, для пяцідзённага працоўнага тыдня з выходнымі днямі ў суботу і нядзелю норма складзе не больш за 2019 гадзін у год, для шасцідзённага працоўнага тыдня з выходным днём у нядзелю — не больш за 2021 гадзіну. Гэта тычыцца работнікаў з поўным працоўным днём.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання. Разліковая норма працоўнага часу вызначаецца штогод. На яе аснове наймальнік вызначае працягласць працоўнага часу, калі работнік абавязаны знаходзіцца на працоўным месцы, складае графік працы (зменнасці), а таксама кантралюе датрыманне працягласці працоўнага часу, вызначанай Працоўным кодэксам.
У Беларусі разліковая норма працоўнага часу на 2016 год пры поўнай норме працягласці працоўнага часу была ўсталяваная для пяцідзённага працоўнага тыдня з выходнымі днямі ў суботу і нядзелю — не больш за 2038 гадзін, для шасцідзённага працоўнага тыдня з выходным днём у нядзелю — не больш за 2044 гадзіны, на 2015 год — адпаведна не больш за 2032 гадзіны і 2026 гадзін.