Мінск назваў нелегітымнай сустрэчу Савета бяспекі ААН па сітуацыі ў Беларусі
Нефармальная канферэнцыя Савета бяспекі ААН па сітуацыі ў Беларусі, якая прайшла 4 верасня, з'яўляецца нелігітымнай і супярэчыць статуту ААН. З такой заявай выступіў пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў.
"Аўтарытэт і рэпутацыя Савета бяспекі, такім чынам, павінны паважацца і абараняцца. Будучы адкрытымі для шырокага і канструктыўнага дыялогу, мы ніколі не прымем спробы іншых краін-чальцоў злоўжываць паўнамоцтвамі Савета бяспекі, у тым ліку праводзячы неафіцыйныя сустрэчы, як сёння, каб набраць палітычныя ачкі, ужываючы выбарны падыход", — цытуе TUT.by словы беларускага дыпламата.
Як распавядала Еўрарадыё, на Савеце бяспекі сёння абмяркоўвалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У тым ліку быў заслуханы выступ Святланы Ціханоўскай, якая заклікала ААН неадкладна даслаць у Беларусь маніторынгавую місію.
Валянцін Рыбакоў заявіў, што такія слуханні парушаюць палажэнні Статута ААН. Пытанні парушэння правоў чалавека, па яго словах, павінны разглядацца адпаведнымі органамі ААН, якія маюць паўнамоцтвы на ажыццяўленне падобнай дзейнасці. Між тым, нагадаем, Беларусь адмаўляецца прызнаваць і выконваць рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека.
У падтрымку беларускага дыпламата выступіў намеснік пастаяннага прадстаўніка Расіі ў ААН Дзмітрый Палянскі. Па яго словах, сітуацыя ў Беларусі не павінна абмяркоўвацца на пасяджэннях Савета бяспекі, бо не нясе пагрозы свету і з'яўляецца ўнутранай справай самой Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.