Мінюст абавязалі патлумачыць рашэнне аб пазбаўленні ліцэнзіі адваката Бабарыкі
Папярэдняе паседжанне па разглядзе скаргі абаронцы Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі, адваката Аляксандра Пыльчанкі на рашэнне Мінюста аб спыненні дзеяння яго ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці адбылося ў судзе Маскоўскага раёна Мінска напрыканцы гэтага тыдня.
Як паведамляе "Вясна", па справе старшынствавала суддзя Іна Ялавая. Бок Мінюста прадстаўлялі вядучы рэферэнт Упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання Аксана Рэлява і кансультант Упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання Алена Шаўчонак.
На думку Аляксандра Пыльчанкі, рашэнне Міністэрства юстыцыі аб спыненні дзеяння ягонай ліцэнзіі адваката з'яўляецца неправамерным. У скарзе ён адзначыў, што адсутнасць якога-небудзь абгрунтавання высноў кваліфікацыйнай камісіі сведчыць аб іх неабгрунтаванасці, галаслоўнасці і надуманасці.
Падчас паседжання высветлілася, што крытэрыяў ацэнкі дзеянняў адваката няма. "Вясна" цытуе цікавы кавалак дыялогу пажіж абаронцам Пыльчанкі і прадстаўнікамі Мінюсту.
Пытанне: "Па якіх крытэрыях ацэньваецца кампетэнтнасць адваката?"
Адказ: "Не зразумела пытанне".
Пытанне: "Як ацаніць правіну, ці прадугледжаныя крытэрыі для ацэнкі ўчынку як дыскрэдытуючага?"
Адказ: "Не, не прадугледжаныя".
У выніку суд абавязаў Мінюст да дзясятага снежня прадставіць пісьмовыя тлумачэнні, у якіх будзе выкладзена абгрунтаванне рашэння, якое абскарджваецца, і пазіцыя па скарзе.
Асноўнае пасяджэнне прызначанае да разгляду ў 11 гадзін 23 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.