Мінздароўя прапануе абмежаваць курэнне каля дзяцей да 14 гадоў
Міністэрства аховы здароўя Беларусі прапануе абмежаваць курэнне ў прысутнасці дзяцей да 14 гадоў. Пра гэта 5 сакавіка паведаміла загадчыца аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Бартман.
Ведамства прапануе ўнесці змены ў дэкрэт №28 “Аб дзяржрэгуляванні вытворчасці, абароту і ўжывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў”. У гэтых зменах электронныя цыгарэты прыраўніваюцца да звычайных, пашыраецца лік грамадскіх месцаў, дзе будзе забароненае курэнне, а таксама ўводзіцца забарона на яго ў прысутнасці дзяцей да 14 гадоў у аўтамабілях і закрытых грамадскіх месцах агульнага карыстання. Таксама ведамства патрабуе ўвядзенне забароны на курэнне ва ўстановах грамадскага харчавання — кафэ, рэстаранах, барах, і рэзкага павышэння кошту тытунёвых вырабаў.
Разам з гэтым, медыкі прызнаюць, што не могуць забараніць паліць у прысутнасці дзяцей дома, бо паводле закона, кватэры — гэта прыватная ўласнасць.
Вольга Бартман паведаміла, што прапановы накіраваныя на разгляд у Савет міністраў, інфармуе БЕЛТА.