Місія АБСЕ: Джып кіраўніка “ЛНР” маглі ўзарваць самаробнай бомбай

Місія АБСЕ: Джып кіраўніка “ЛНР” маглі ўзарваць самаробнай бомбай

Джып лідара самаабвешчанай “ЛНР” Ігара Платніцкага маглі ўзарваць самаробнай бомбай, магутнасцю каля 1 кілаграма, а выбухоўку заклалі ў слуп вулічнага асвятлення ці каля яго. Такія меркаванні выказалі прадстаўнікі спецыяльнай назіральнай місіі АБСЕ, якая знаходзіцца на акупаваных прарасійскімі сепаратыстамі тэрыторыях усходняй Украіны.

Як гаворыцца ў паведамленні місіі, распаўсюджаным у расійскі і ўкраінскіх СМІ, прадстаўнікі АБСЕ ў Луганску ў 7.51 6 жніўня пачулі выбух. Яны знаходзіліся на адлегласці прыкладна ў 3,9 кіламетра ад месца здарэння і выехалі туды. Аднак на скрыжаванні вуліц Карпінскага і Ватуціна ўжо была “паліцыя ЛНР”, якая ачапіла месца выбуху.

З адлегласці 15-20 метраў прадстаўнікі місіі ацанілі, што выбух, верагодна, быў выкліканы самаробнай бомбай. Узарваны джып Toyota Land Cruiser Prado стаяў на абочыне прыкладна ў двух метрах ад вулічнага ліхтара, у якім магла быць выбухоўка.

У “паліцыі ЛНР” паведамілі, што ў выніку выбуху пацярпелі два чалавекі, аднак нічога не сказалі пра другога пацярпелага.

Улады самаабвешчанай рэспублікі абвінавачваюць у здарэнні ўкраінскія спецслужбы. Афіцыйны Кіеў гэтыя абвінавачванні адпрэчвае.

У СМІ паступае супярэчлівая інфармацыя пра цяперашні стан пацярпелага ад выбуху Ігара Платніцкага. Украінская выведка заяўляе пра раненні, несумяшчальныя з жыццём. Лідар “ДНР” Аляксандр Захарчанка (“ДНР” — яшчэ адно сепаратысцкае ўтварэнне) наадварот выказвае ўпэўненасць, што яго калега “выкараскаецца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі