Міжнародная кніжная выстава-кірмаш адкрыецца ў Мінску
Большасць незалежных выдаўцоў на мерапрыемства не запрасілі.
11 лютага адкрываецца XXII мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Арганізатары абяцаюць 28 краін-удзельніц. Цэнтральны стэнд выставы зойме Расія, ганаровым госцем стане Кітай. Вялікія стэнды будуць у Ірана, ЗША, Францыі і Германіі.
Адзін квадратны метр для выдаўцоў каштуе ад 100 еўра. Для нацыянальных і тэматычных стэндаў даюць зніжку ў 10%. Упершыню кнігі пакажуць у выставачным павільёне на Пераможцаў, 14, побач з Палацам Незалежнасці.
Тым часам далёка не ўсе беларускія незалежныя выданні змогуць трапіць на выставу. Выдаўца Ігара Логвінава на выставе не будзе, яму паведамілі, што “ўдзел непажаданы”.
Незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў на нацыянальную выставу таксама не запрасілі. Не будзе і агульнага стэнду незалежных выдаўцоў, а таксама выдаўцоў, якія працуюць з саюзам пісьменнікаў.
Свае выданні пакажа “Тэхналогія”. Гэта выдавецтва аплаціла павільён на два квадратных метры. На выставе будзе і выдавец Зміцер Колас з апошнімі перакладамі раманаў і дзіцячых кніжак.
Адкрыццё кірмашу запланаванае на 12 гадзін.