Міжнародную банду "гастралёраў" затрымалі ў Салігорску
21 лютага міліцыянты пры сілавой падтрымцы байцоў спецпадраздзялення "Алмаз" затрымалі двух удзельнікаў міжнароднай злачыннай групы з доказамі злачынства пасля крадзяжу з кватэры ў Салігорску. Пра гэта паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама.
Паводле звестак праваахоўнікаў, зламыснікі зладзілі каля 50 кватэрных крадзяжоў, адціскаючы вокны ПВХ. Крадзяжы адбываліся з чэрвеня 2018 года. Як правіла, зламыснікі абкрадалі кватэры на першых паверхах дамоў, а таксама катэджы. Яны бралі пераважна грошы і ювелірныя ўпрыгожанні. На першых вылазках не грэбавалі біжутэрыяй, прадуктамі харчавання, касметыкай, адзеннем і абуткам.
Дзейнасць зламыснікаў распаўсюджвалася літаральна на ўсе вобласці краіны. Больш за ўсё пацярпелі Салігорск, Кобрын, Магілёў і Гродна.
Першыя "зачэпкі" атрымалі гродзенскія крыміналісты. Яны высветлілі, што крадзяжом займаліся грамадзянін Украіны, раней асуджаны за аналагічныя злачынствы на радзіме, а таксама грамадзянін Расіі. Перыядычна яны бралі сабе памочнікаў — такіх налічылі шэсць чалавек (усе з 1983-га па 1990 год нараджэння).
Зламыснікі прыязджалі ў Беларусь з тэрыторыі Украіны або Расіі розным транспартам, у тым ліку грамадскім або ўзятым напракат, а таксама прыходзілі пешшу. Яны трымаліся канспірацыі, не карысталіся сродкамі сувязі, а для маскіроўкі пераапраналіся.